Mar 29, 2015 16:52
Часта, гуляючы па горадзе, я шкадую, што ў воку не маю камеры, каб імгненна зрабіць здымак.
Апошні раз такое шкадаванне перажыла ў пятніцу. У нас тут была вясна. І народ гуляў у "новенькім". Адзін маладзён напрануў пінжак з зафастрыгаваным шліцам. То бок на фабрыцы, дзе адзенне шыюць, заўсёды прыфастрыгоўваюць розныя разрэзы і складкі, каб падчас транспарту яны не завярнуліся ў іншы бок і не прымяліся. Яшчэ бывае, што цэтлікі нашываюць на відочным месцы. Але перад тым, як рэч апрануць у людзі, трэба гэта адпароць. І вось моднікам ніхто лікбезу не праводзіць, і яны так і шпацыруюць па горадзе.
Разважаючы пра розныя такія недарэчнасці, прыгадала аднаго англійскага прафесара. Прафесары ў большасці сваёй дзівакі. І выглядаюць дзівакавата. Але гэта залежыць яшчэ і ад жанчыны, якая побач, якая дбае пра стыль і густ свайго прафесара, бо апошняму няма калі пра гэта думаць. І вось да якой дзіўнай высновы я раптам дайшла. Англійскі прафесар так выглядае, бо жонка ў яо руская (чытай савецкая).
Мэ і Жо,
горад,
мода