warum?

Feb 15, 2015 23:30

Я наіўны чайнік. Сёння нешта ўштырыла мяне гойсаць па прасторах неабжытага раней жж-свету. І што я маю вам сказаць? Чым далей на ўсход, тым больш агрэсіі і нецэнзурнай лексікі. Я свой доўгі нос ўтыцнула ў абмеркаванне тэмы: вы што, здурнелі - з дзіцём у рэстаран? Як жа мне надакучыла падобнае светаўспрыняцце: нарадзіла - сядзі дома! А што ты не ведала, якія абмежаванні цябе чакаюць? Ты ж сама хацела! і г.д.
А вось чаму ўласна дзеці ўсім перашкаджаюць? Я разумею, што цяпер усё больш модна зусім дзяцей не мець. Але гэта свабодны выбар кожнага! Не хочаш дзяцей? Ніхто не прымушае!
І вось адной мамзелі перашкаджалі дзеці каву піць, каменты адным вокам зірнула: іншаму перашкаджаюць дзеці ў транспарце ездзіць, камусьці адпачываць на моры і г.д. І ўсе згодна равуць: куды вы з дзецьмі - а**елі? Дзікуны.
Але прыгледзелася я больш уажліва і зразумела, што перашкаджаюць нават не дзеці, а брак культуры: і ў дзяцей, і, зразумела, у іхных бацькоў. А дзеці проста крайнія! Здаецца, што няма дзіцёнка - няма праблем!

***
У іншым месцы торкнула мяне зрабіць моўную заўвагу! Ох, заракалася свіння гаўна не есці!
Добра, тут мяне *уямі не абклалі. Шляхетна так назвалі Дон Кіхотам з абмежаванымі разумовымі здольнасцямі! А ўсяго размова зайшла пра тое, як нашых дзетак вучаць выцінацы. Я шчыра ўзрадавалася, што ў Глебаўцы гэтаму вучаць. Але па-руску запісана было як "вытынанка". Мне показка згадалася: Мыкола, чы знаеш ты, як москалі нашэ пыво называюць?..
Вось чаму, скажэце мне, чаму з украінскай транслітэрацыя мілейшая сэрцу вашаму? Чаму паміж сваёй "выцінанкай" і ўкраінскай "витинакой" мы выбіраем не сваё, а чужое? Чым нашае горш?
Чаму, урэшце, не называеце вы гэтае мастацтва "мізрахам" ці яшчэ як?

***
І апошняе! я была проста ў захапленні! Я чула неяк раней, што імя Філарэт зрабілася ў нашых палястынах агульным. І вось дзякуючы фотам з трасы М1, я ўпэўнілася, што гэта так. Але zycharby мяне зразумеў, агрэсіі ніякай не выказваў. Прапанаваў нават сябраваць :)
На гэтай аптымістычнай ноце дазвольце ўсім пажадаць добрага панядзелка!

жжэсць, пра-моўленае

Previous post Next post
Up