Першы раз у першы клас: рэпартаж з асаблівай лінейкі

Sep 10, 2014 16:08

Сёлета, 30 жніўня, Іллю Якаўлеву споўнілася 7 гадоў. Асабістае свята супала з пачаткам школы. Намаганнямі МДГА «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» і ўпраўлення адукацыі Савецкага раёна ў агульнаадукацыйнай школе №187 адкрыўся інтэграваны клас для першакласнікаў з аўтызмам. Аналагічныя класы з’явіліся яшчэ ў чатырох мінскіх школах - 5-й, 81-й, 108-й і 104-й. Гэта першы выпадак у гісторыі беларускай адукацыі, калі ў масавую школу пайшлі 6-7-гадовыя дзеці з цяжкімі формамі аўтызму.


Першы крок да школьнай дошкі
Коля, Макарый і Ілля - асаблівыя першакласнікі, з імі будуць працаваць дэфектолаг, псіхолаг, а таксама цьютары - спецыялісты, які суправаджаюць вучняў у працэсе навучання як на індывідуальных занятках, так і на агульных з рэгулярным класам уроках.
Падчас святочнай лінейкі разам з дырэктарам школы Андрэем Топаравым хлопцы перарэзалі чырвоную стужачку ля ўваходу ў свой новы рэсурсны клас, дзе ў кожнага вучня ёсць спецыяльна абсталяванае месца для навучання, аформленая сэнсарная зона. Крок за крокам, занятак за заняткам дзеці будуць перамяшчацца ў тую частку класа, дзе знаходзіцца вучэбная дошка. Гэта значыць, ад індывідуальных заняткаў пераходзіць у асяроддзе, блізкае да звычайнага класа. А з часам, упэўненыя бацькі і настаўнікі, пяройдуць у клас да астатніх вучняў. У кагосьці гэта атрымаецца раней, у кагосьці пазней - усё індывідуальна.
Па мерках дактароў, Ілля - цяжкае дзіця: ён не размаўляе. Калі бацькі дзяцей не бяруць ініцыятыву ў свае рукі, такія хлопчыкі аказваюцца ў другім аддзяленні дапаможнай школы або на надомным навучанні. “Інклюзіўная адукацыя дзяцей з аўтызмам у свеце даказала сваю эфектыўнасць, - кажа старшыня савета МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”, мама Іллі Таццяна Якаўлева. - У Беларусі робяцца толькі першыя крокі, і нам будзе лягчэй ісці разам - бацькам і спецыялістам. Мы гатовыя дзяліцца на сайце autismschool.by кожнай маленькай перамогай, каб педагогі і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей з аўтызмам, маглі скарыстацца гэтым досведам”.

Крок наперад - два назад?
Лінейка 12-гадовага Цімура прайшла ў школе №18. “Навучанне ў спецыяльнай школе - гэта для Цімура крок назад”, - лічыць яго мама, якая да апошняга дня шукала навучальную ўстанову для сына. “Калі будзеце пісаць пра першаклашак - ведайце, што старэйшыя дзеці з аўтызмам па-ранейшаму не патрэбныя нашай масавай школе”, - гаворыць Ірына Дзяргач.
Сёлета Цімур паспяхова скончыў пачатковыя класы ў агульнаадукацыйнай мінскай школе №203. Ён вучыўся ў інтэграваным класе па праграме для дзяцей “з цяжкасцямі ў навучанні” - гэта значыць, большасць прадметаў вывучаў у кабінеце настаўніка-дэфектолага, у кампаніі “асаблівых” вучняў Пашкі і Арцёма. У траўні Пашка паспяхова прайшоў медыцынскую камісію, якая дазволіла хлопчыку вучыцца са звычайнымі дзецьмі: хлопчык “перарос” свае цяжкасці. Арцём застаецца ў той жа школе, але будзе займацца па дапаможнай праграме. А вось Цімуру рэкамендавалі працягнуць праграму “з цяжкасцямі ў навучанні”.
“Праблема ў тым, - кажа Ірына, - што на сярэдняй школьнай прыступцы, дзе знаходзіцца Цімур, вучні “з цяжкасцямі” павінныя ісці ў агульным патоку, дадаткова яны маюць толькі 4 гадзіны заняткаў з дэфектолагам на тыдзень. Для Цімура гэта азначае выпасці з працэсу навучання: ён па-ранейшаму дрэнна ўспрымае інфармацыю, адрасаваную адразу ўсім 27 вучням нашага класа. А на надомнае мы не сыдзем. У якасці альтэрнатывы нам прапанавалі перайсці ў спецшколу №18 - для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Маўляў, праграма “з цяжкасцямі ў навучанні” падобная да праграмы “з цяжкімі парушэннямі маўлення”, затое ў класах спецшколы не больш за 12 вучняў, а настаўнікі маюць досвед працы з асаблівымі дзецьмі. Так, праграма падобная, але не супадае цалкам! Напрыклад, у 18-й школе няма англійскай мовы, якую Цімур вывучаў два гады. Мова, трэба заўважыць, даецца яму лёгка, з аднаго чытання запамінае два дзясяткі словаў. Дырэктар паабяцала ўвесці для нас факультатыў (калі набярэцца хаця б дзесяць ахвоччых з двух класаў паралелі), але, зноў жа, вывучаць мову давядзецца з нуля, і ў атэстат адзнакі за факультатывы не ідуць.
Яшчэ адна праблема: ад Уручча да вуліцы Народнай - каля 13 км. Гэта гадзіна язды толькі ў адзін бок. Шчыра кажучы, мне крыўдна. Любое дзіця з асацыяльнай сям’і, дзе п’юць бацькі, атрымлівае адукацыю ў крокавай даступнасці ад дома. Такое дзіця можа хаміць настаўнікам, гнабіць аднакласнікаў і горда курыць у прыбіральні. Яго палохаюць міліцыяй, але пры гэтым водзяць на стымулявальныя заняткі, прымусова запісваюць у школьныя лагеры і выбіваюць яму пуцёўку ў атрад для “цяжкіх” пры вайсковай частцы. І гэта правільна: у дзіцяці павінен быць шанец жыць інакш, чым яго праграмуюць бацькі. Толькі ў дачыненні да дзіцяці з аўтызмам ўсё дагары нагамі: “месцаў няма” (чаму? Сын не ўчора нарадзіўся, а 12 гадоў назад), “умовы не створаныя” (аналагічнае пытанне), “педагогі не падрыхтаваныя”, “грамадства не гатовае”  (мы сябруем з бацькамі аднакласнікаў сына, і амаль у кожнага з іх ёсць знаёмыя дзеці з асаблівасцямі ў развіцці - выходзіць, яны не грамадства?) і наогул - навошта англійская мова інваліду?
Як навошта? Жыць, працаваць, мець зносіны з сябрамі! Мой Цімур як ніхто іншы быў гатовы да інклюзіўнай адукацыі: пяць гадоў у агульнаадукацыйнай школе плюс у нас ёсць добра падрыхтаваны за лета цьютар. Заставалася толькі знайсці агульнаадукацыйную школу, якая возьме сына і забяспечыць суправаджэнне дэфектолага і псіхолага, але мы пакуль яе не знайшлі.
“Якія ўмовы для мяне не створаныя?” - аднойчы запытаўся сын.
Я не ведала, што яму адказаць”.
Адсюль

Беларусь, интеграция, школа, аутизм

Previous post Next post
Up