У мяне ёсць дваюрадная сястра, трошкі за мяне маладзейшая. Кожны год бацькі з горада прывозілі яе да нас на вёску на пабыўку. Мы разам гадаваліся тыя летнія месяцы, разам марылі, размаўлялі пра хлопчыкаў і г.д., потым вучыліся ў адным горадзе, хадзілі ў госці адна да адной... І так цягнулася доўга, і магло б быць нават да сёння... калі б не я...
3 гады назад летам сястра сабралася замуж. Я даведалася пра гэта не вельмі каб рана, можа трошкі запозна, але тым не менш да вяселля быў яшчэ час.
5 гадоў таму летам я была на злёце моладзі ў Польшчы, мне там было вельмі добра і весела і цудоўна, і я паабяцала сабе, што абавязкова прыеду на наступны злёт, праз два гады.
Сястра выходзіла замуж якраз у час, калі павінен быў адбывацца злёт. І перада мной паўстала велізарная праблема. Праблема выбару - гэта настолькі складана. Я хацела паехаць на яе вяселле, хоць заранёў магла прадказаць тое, што там будзе. І я хацела паехаць на злёт, таксама ведаючы прыкладна, што там будзе (не першы ж раз). Калі я не паеду да сястры, ведаючы яе, разумела, што яна не даруе. А я вельмі баюся пакрыўдзіць іншага чалавека, тым больш такога блізкага, перажываю страшэнна. Але калі не паеду на злёт - не дарую сабе, бо я пра яго два гады марыла.
Я цяпер ужо ведаю, чаму мяне туды так цягнула :), а ў тыя дні гэта было проста нейкае шаленства: ехаць у Польшчу, абавязкова, нягледзячы ні на што. Не помню, як ацанілі тады мае паводзіны бацькі і знаёмыя, з якімі я кожны дзень раілася. За тыдзень да вяселля я прыйшла да сястры, падаравала ёй вясельны падарунак, ледзь не плачучы папрасіла прабачэння, пачула ад яе толькі два словы ў той дзень: “добра з’ездзіць”, і з’ехала.
З’ездзіла я добра, вынік таго злёту зараз сядзіць на канапе і піша мне кулінарную праграмку, я кахаю яго ўсім сэрцам і ён кахае мяне, і разам мы - маленькая шчаслівая сям’я.
Сястра так і не прабачыла. А я па ёй часам сумую і ўдзячна ёй за той даўні мой правільны выбар.
Хацела напісаць мараль... але не буду... няхай так застаецца...