***

Dec 19, 2008 14:21

Часам для таго, каб быць шчаслівым, каб гэтае шчасце цябе выпаўняла ўсю цалкам, патрэбны такія дробязі... а можа, гэта проста адпаведна падабранае месца і час і настрой... я не ведаю, але тым не менш са мной такое перыядычна здараецца.






У Польшчы мы паехалі да бабулі нарачонай майго брата. Спачатку гадзінку пахадзілі-пафоткалі сярэднявечны замак 12 стагоддзя, а потым у тую вёсачку. Вечарэла. Мы ўвайшлі ў вялікі вясковы дом, і нас адразу ў сенцах сустрэў ціхі халаднаваты пах асенніх яблыкаў, а ўжо праз нейкі час у кухні сустрэла і гаспадынька. Кухня... канапа ля вакна, на якой ляжыць кніжка і акуляры, печка, вялізны агульны стол, і шырокая лава каля яго, высокая столь, трошкі халаднавата, зноў пах яблыкаў. Замітусілася, вітаючы нечаканых гасцей, бабуля, пасадзіла нас за стол, усіх у радочак, пачала рабіць гарбатку, прынесла свежы яблычны пірог... Здаецца, усё так проста і нібы нічога асаблівага, Магда нешта там расказвае, бабуля з намі знаёміцца, свежая гарбатка і пірог, што пахне яблыкамі і цынамонам і шакаладам, лава, на якую можна сесці з нагамі, побач цёплы бок мужа...

усё так проста... а я ў той момант адчувала сябе ў такой неверагоднай гармоніі з сабой і ўсім светам, што да гэтага часу ўспамін той не выцерся з памяці і раз-пораз узнікае, каб нагадаць, што шчасце часам у такім вось звычайным...


пра мяне, Польшча

Previous post Next post
Up