Паланэчка. Касцёл Святога Юр'я і палац Радзівілаў

Feb 16, 2012 21:43

Вёска Паланэчка знаходзіцца ў Баранавіцкім раёне. Па пісьмовых крыніцах вядома з 16 ст. як мястэчка. Навакольныя землі належалі ў 1428 г. Ульяне Гальшанскай, жонцы вялікага князя ВКЛ Вітаўта, затым - роду Рудамінаў-Душацкіх, а з 2-й паловы XVIII ст. да 1939 г. Паланэчка была ва ўласнасці Радзівілаў.




Касцёл Святога Юр'я

Папярэдні касцёл быў пабудаваны ў 1751 г. з дрэва па фундацыі біскупа Жалкоўскага ў цэнтры вёскі на пагорку, непадалёк ад палаца Радзівілаў. У касцёле хрысцілі Iгната Дамейку. На месцы старога будынка ў 1899 г. ўзведзены новы касцёл паводле праекта 1895 г. варшаўскага архітэктара К.Вайцяхоўскага. Унутры зала перакрыта бэлечнай столлю. Пры ўваходзе на 6 слупах хоры з арганам, выкананым віленскім майстрам Ф. Астрамецкім у 1897 г. 2-ярусны драўляны алтар фланкіраваны карынфскімі калонамі. Яго бакавыя абразы і прафіляваны цокаль дэкарыраваны пышным віццём аканту. У алтары 2 чыгунныя мемарыяльныя дошкі 1829 г. і 1836 г., прысвечаныя роду Радзівілаў.

Касцёл і плябанія






Касцёл атрымаў рысы неаготыкі і мадэрна. Прамавугольны ў плане асноўны аб’ём з 5-граннай апсідай, да якой сіметрычна далучаны 2 нізкія сакрысціі пад 1-схільнымі дахамі, накрыты 2-схільным дахам з прагінам і завершаны над апсідай меньшым 2-схільным дашкам з крыжам. Апсіда мае гранёнае вальмавае пакрыццё. Галоўны заходні фасад фланкіраваны 2 чацверыковымі шатровымі вежамі, паміж якімі франтон з акном-ружай.



Уваход аформлены 2-слуповым ганкам пад 2-схільным навесам. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. У дэкоры выкарыстаны накладны геаметрычны арнамент, які апяразвае карніз на дэнтыкулах, фігурная шалёўка, гатычныя пераплёты вокнаў.



Справа ад касцёла званіца, пабудаваная ў 1855 г, далей капліца пачатку 20 стагоддзя



Палац Радзівілаў

Першым "радзівілаўскім" гаспадаром Паланэчкі стаў князь Мацей Радзівіл (1749-1800), кашталян віленскі, знакаміты паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч і гарачы патрыёт ВКЛ, павенчаны з Альжбетай з заможнага роду Хадкевічаў. Затым Паланэчкай валодалі сын Мацея Канстанцый, потым яго ўнук, таксама Мацей, і сын Мацея Альберт Станіслаў (1858-1927), які выехаў у Амерыку, перапісаўшы сядзібу брату Уладзіславу Радзівілу (1909), павенчанаму з князёўнай Ганнай Марыяй Чартарыйскай. Яны былі апошнімі гаспадарамі Паланэчкі.






Галоўны ўваход






Перад палацам былі ўязныя вароты з вазамі ў стылі ампір. Палац - характэрны ўзор забудовы сядзібна-паркавага ансамбля з рысамі архітэктуры позняга класіцызму. Унесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Пасля вайны 1939-45 гг. у ім была размешчана сярэдняя школа.



Выгляд з другога боку






Вядома, што ў 1777 г. у гасцях у Мацея Радзівіла ў Паланэчцы пабываў расейскі сенатар і знакаміты сатырык Д.Фанвізін, аўтар вядомага «Недаростка». Аб чым гаварылі тады госць з гаспадаром - невядома, але можна дапусціць, што Мацей Радзівіл як элітарная асоба беларускага гаспадарства, выхаваны ў лепшых традыцыях еўрапейскай культуры, ад шчырага сэрца пачаставаў госця багатым абедам і, безумоўна, пазнаёміў з мелодыямі сваіх музычных твораў, якія ўвайшлі ў класіку сусветнага музычнага мастацтва.

Палац на здымку пач. 20 ст.(radzima.org)



Палац на малюнку Н. Орды (1876 г.). Выгляд з боку пад'езда (radzima.org)



Палац унутры
























Падстрэшша


Агітацыйныя надпісы











Падвал








Радзивиллы, Историческая Новогрудчина, Храмы, Вандроўкі па Беларусі, Полонечка, Барановичский район

Previous post Next post
Up