Вёска Карчова і Адам Міцкевіч

Feb 07, 2013 20:09

У гады вучобы ва ўніверсітэце Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ігнат Даменка і іншыя студэнты - ураджэнцы Навагрудчыны - уваходзілі ў тайнае таварыства філаматаў - сяброў навукі, якое затым было перайменавана ў таварыства філарэтаў - сяброў дабрачыннасці.
                                                                                                           ***
Вёска Карчова знаходзіцца на мяжы Баранавіцкага і Карэліцкага раёна. Не ўсе жыхары вёскі ведаюць, што за камень ляжыць у лесе непадалёк вёскі..

Каля каменя стаіць іржавы "парасон". Верагодна для наведвальнікаў гэтага таямнічага месца яго і ўсталявалі. Бачна, што раней яшчэ былі і лавы..



У XIX ст. камень быў месцам сустрэч вышэйзгаданага таемнага патрыятычнага таварыства - філарэтаў. Настаўнік гісторыі Карчоўскай школы Віктар Мініч у сваім артыкуле піша:

"Дзе яны маглі праводзіць свае сходкі? У саміх Туганавічах? Вельмі многа сведкаў! Каля Свіцязі? Магчыма, і там гаварылі аб гэтым. Самым ідэальным месцам каля Туганавіч і быў Вялікі камень. Таму і збіраліся каля яго. Ці
ёсць яшчэ якія-небудзь падобныя камяні ў ваколіцах Карчова альбо нават усяго былога Навагрудскага павету? Нічога падобнага я не сустракаў і не чуў. Міцкевіч апісвае такі камень у паэме «Дзяды». «...У сярэдзіне камень шарэў, з-пад якога крыніца бруіла…»
Дык аб якім камені пісаў А. Міцкевіч? І чаму ён звярнуў на яго ўвагу? Адказ просты. Камень ляжыць у глыбокім рве, па баках яго вялікія насыпы. І тут Адам сустракаўся са сваімі сябрамі, удзельнікамі патаемнага таварыства філаматаў, дзе абмяркоўвалі пытанні ўтварэння новага аб’яднання."

У 1971 годзе гэты валун быў абвешчаны геалагічным помнікам прыроды. Але ёсць усе падставы лічыць гэты камень не толькі прыродным помнікам, але і помнікам нашай гісторыі і культуры.







Памеры валуна.



Вёска Карчова раней называлася Туганавічы. Зараз аб гэтым напамінае назва парка, у якім на высокім левым беразе ракі Сэрвач энаходзілася Туганавіцкая сядзіба. 3 XVII і да сярэдзіны XIX стагоддзя маёнтак належаў памешчыкам Верашчакам. Тут у час летніх вакацый гасцяваў будучы паэт Адам Міцкевіч. Тут жа ён пазнаёміўся з Марыляй Верашчакай - першым вялікім і няшчасным сваім каханнем, якое пранёс праз усё жыццё і творчасць. На той момант Марыля была ўжо заручоная з графам Ваўжынцам Путкамэрам, з якім пабралася шлюбам у 1821 годзе і засталася жыць у маёнтку ў Больцініках.




Гэтыя радкі Міцкевіч прысвяціў Марылі:

Ніколі, нідзе не магу я растацца з табою!
Ідзеш ты па моры, па сушы ў дарогу са мною,
Сляды твае бачу па схілах, высокіх і слізкіх.
І чую твой голас у шуме каскадаў альпійскіх;
Наўкол азірнуся, і страх валасы падымае:
Баюся сустрэцца з табой, але прагна жадаю...

Туганавіцкі парк з'яўляецца помнікам прыроды і ахоўваецца дзяржавай.



Малюнак сядзібы ў Таганавічах. Была страчана пад час першай сусветнай вайны.



Міхась Карпук "У каменя філарэтаў ”



Фотаздымкі - лістапад 2011

А.Міцкевіч, Карчова, Вандроўкі па Беларусі, Туганавічы, Камень Філарэтаў

Previous post Next post
Up