Афрыканскае жыццё Яўстаха Сапегі

Jul 19, 2012 21:18



Яўстах (Астап) Севярын Сапега. 1997 год

“Мы не з Кароны, мы - з Вялікага княства Літоўскага. Мы - палякі, але мы - беларусы!” Яўстах Сапега

Магнацкі род Сапегаў на Беларусі лічыўся другім па значэнні пасля Радзівілаў. У 15-18 ст. прадстаўнікі гэтага роду займалі найвышэйшыя дзяржаўна-адміністрацыйныя і ваенныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. Валодалі яны многімі гарадамі і мястэчкамі на Беларусі. Але княжацкі тытул Сапегі атрымалі толькі ў 1700 годзе. У канцы 16 - пачатку 17 стагоддзя Сапегі перайшлі з праваслаўя (і кальвінізму) ў каталіцтва.

Нам усім добра вядомы пачынальнік магнацкага роду Сапегаў Сямён Сапіга; адзін з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай Леў Сапега; гетман вялікі літоўскі і ваявода віленскі Казімер Ян Сапега і многія іншыя.

Яўстах (Астап) Севярын Сапега - прадстаўнік знакамітага роду ў 20 ст. Цікава тое, што ён 56 год пражыў у Кеніі ў Найробі.
Князь Астап паходзіць з ружанскай лініі Сапегаў (другая лінія - кодзеньская). Ягонай маці была князёўна Тэрэза Любамірская, якая ў 1909 годзе выйшла замуж за Яўстафія Каэтана Уладзіслава Сапегу (1881-1963). Ён ў міжваенны перыяд быў першым польскім паслом у Вялікабрытаніі, а ва ўрадзе прэм’ера Грабскага - міністрам замежных справаў. На Лубянцы прысуджаны да пакарання смерцю, але прысуд не быў выкананы. У час пасляваенных блуканняў былы польскі міністр, каб пракарміць сям’ю, вымушаны быў займацца свінагадоўляй у Афрыцы.


Нарадзіўся Астап у 1916 г. ў Спушы каля Гародні. Вучыўся ў сярэдняй школе ў Пшчыне (горад па поўдні Польшчы), дзе яго выхаванцам быў Вацлаў Іваноўскі (міністр асветы БНР з верасня па снежань 1918). 19 верасня 1934 году паступіў у школу падафіцэраў рэзерву кавалерыі ў Грудзёнзу (Польшча). Навучанне скончыў 15 ліпеня 1935 году і атрымаў званне ўзводнага падхарунжага, быў накіраваны ў 2-і Полк грахоўскіх уланаў у Сувалках. Паступіў у Вышэйшую гандлёвую школу ў Антвэрпэне, адкуль перайшоў у 1938 годзе у Вышэйшую каланіяльную школу там жа. У верасні 1939 змагаўся супраць немцаў у складзе Сувальскай брыгады кавалерыі ў званні падпаручніка кавалерыі. Быў узнагароджаны Крыжом Валечных. Змагаўся пад Візнай. Вайну закончыў на бітве пад Коцкам. Там па загадзе генерала Клеберга жаўнеры склалі зброю. Пасля вераснёўскага паражэння - трапіў у лагер для ваеннапалонных.(Oflag II C Woldenberg на тэрыторыі Нямеччыны (цяпер мястэчка Дабегнеў)).

У апошнія месяцы вайны разам са сваім братам Львом уцёк ад наступаючай Чырвонай арміі: паколькі абодва былі арыстакратамі і сынамі польскага палітыка, мелі падставы баяцца рэпрэсіяў. Даехаў да Грабаў, дзе з дапамогай іншых польскіх вайсковапалонных захапіў стайні, дзе ўтрымліваліся таксама коні, скрадзеныя немцамі ў Польшчы. Там жа пазнаёміўся і ажаніўся з Антоніяй Марыяй Сяменскай.

У 1948 г. рашыўся выехаць у Афрыку, дзе і застаўся жыць разам з бацькам. У Кеніі трэба было пачынаць з нуля, бо ўсё багацце роду было страчанае. Князь быў жывёлаводам, гандляваў драўнінай і металаломам, шукаў каштоўныя камяні, вёў фірму, якая займалася арганізацыяй паляванняў-сафары. Пісаў кнігі - успаміны і гісторыю родавых маёнткаў Сапегаў. У 1995 г. выдаў манаграфію гісторыі роду Сапегаў «Сапежынскі дом». Таксама напісаў аўтабіаграфію «Так было, або недэмакратычныя ўспаміны Яўстаха Сапегі», якая была выдадзеная ў 1999 годзе (ангельскамоўнае выданне «The way it was», Nairobi 2006). З'яўляецца суаўтарам разам з Паўлам Кардашам кнігі «Сафары. Паляваньне ва Ўсходняй і Паўднёвай Афрыцы», якая ўбачыла свет у 2000 годзе.

Яўстафій Севярын жыў ў Найробі да самай сваёй смерці 2 сакавіка 2004 г. Прах нябожчыка 31 ліпеня 2004 г. быў пахаваны ў парафіяльным касцёле ў Боцьках (мусіць маецца на ўвазе вёска Боцькі на Падляшшы).

Гутарка з Яўстахам Сапегам у 2000 годзе пад час прамоцыі яго кнігі «Так было, або недэмакратычныя ўспаміны Яўстаха Сапегі»

Ніва № 42 (2318), 15 кастрычніка 2000 г.

- Князь Астап, скажыце, калі ласка, што прывяло Вас у Беласток?

- Я прыехаў на прамоцыю сваёй кніжкі „Tak bylo. Niedemokratyczne wspomnienia Eustachego Sapiehy” (выд. Safari, 2000), якая толькі што выйшла ў Беластоцкім графічным прадпрыемстве (BZGraf). Вельмі добра тут робяць і даволі танна. Найлепшая друкарня! Наступная кніжка выйдзе праз тры тыдні. Гэта будзе кніжка пра паляванне. У 1995 годзе я выдаў кнігу, якую я пісаў 35 гадоў, - энцыклапедыю Сапегаў на 800 старонках пад загалоўкам „Dom Sapiezynski”. Мы - гэта чатырнаццатае-пятнаццатае пакаленне.

- Дык дзе знаходзяцца Вашы родныя мясціны?

- Я нарадзіўся ў Спушы, якая ляжыць у дзесяці кіламетрах ад Скідаля, на ўсход ад Гродна, па шашы Гродна - Ліда. Наш дом, які ўсе называлі палацам, стаяў на высокім, сухім месцы сярод сасновых лясоў. Яго пачалі будаваць у канцы XIX стагоддзя для майго дзеда Яна Сапегі, у якога былі хворыя лёгкія. Дзед памёр у 1901 годзе, а будову канчаў яшчэ мой бацька, таксама Яўстафій Сапега, жанаты ўжо тады з Тэрэзай Любамірскай, маёй маці. Увесь час там нешта дабудоўвалі.

Цяпер там нават кавалка цэглы не знойдзеш! Усё спалілі, разбурылі, параскрадалі. Усё пазарастала, нічога не засталося ад пяці дамоў, стайняў, аранжарэі, цяпліц, французскіх агародаў, лодачнай прыстані.

- Вам пра гэта расказвалі, ці Вы бачылі тое месца ўласнымі вачыма?

- За апошнія тры гады я тры разы быў на Беларусі. У Спушы быў два разы, быў таксама ў Ружанах, у Дзярэчыне. Адзін раз я быў там са старэйшай дачкою, Тэрэзай. У Спушы адна жанчына мяне пазнала, сказала, што памятае шлюб маёй старэйшай сястры. Нейкі чалавек па дарозе раіў: „Паночку, не едзьце ў Спушу, там ужо нічога няма!” Але я паехаў. Цяжка было ўявіць сабе такую цішыню і пустку на месцы, дзе калісьці бурліла жыццё. Але ў Дзярэчыне я быў на асвячэнні мемарыяльнай дошкі ў гонар майго прадзеда Яўстафія Сапегі, удзельніка Лістападаўскага паўстання 1830 г., які ў той час страціў усё і быў вымушаны эміграваць у Францыю. Ён быў ажэнены з Ружай Мастоўскай. Палац Мастоўскіх у Варшаве - гэта быў іх. Дошка была ўмуравана ў касцёле, надпіс на ёй быў зроблены па-беларуску. На жаль, ні ў цягніку, ні там, дзе я бываў, я ні разу не пачуў беларускай мовы. Нідзе...

- Усё ж яшчэ не ўсе беларусы забыліся сваю мову.

- Маю надзею!

- Скажыце, князь Астап, ці, выхаваныя ў польскай культуры, Вы адчуваеце сябе хоць крышачку беларусам?

- Скажу вам паціху: амаль выключна!

- Але ж...

- Мы не з Кароны, мы - з Вялікага княства Літоўскага. Мы - палякі, але мы - беларусы.

- А ведаеце, так можа гаварыць толькі князь. Іншы на Вашым месцы аднекваўся б, а нават мо кпіў бы з майго пытання.

- Адначасова хачу сказаць, што я не ідэнтыфікуюся з “Лукашэнкаўскай” Беларуссю.

- Я думаю, што мы гаворым пра Беларусь этнічную... Дык Вы лічыце, што Вашай радзімай была ўсё ж Беларусь?!

- Ну, вядома, што гэта была Беларусь! Я быў „тутэйшы”. Леў Сапега ў канцы XVI стагоддзя (ён тады яшчэ быў падканцлерам), аддаючы другое, папраўленае выданне Літоўскага статута, у польскім Сейме гаварыў па-беларуску, бо лічыў, што жыве ў вольнай краіне.

- Дарэчы, з Дзярэчынам асацыіруюцца мне Сапегавы тэатры - тэатральныя трупы, якія складаліся з прыгонных беларускіх ды вольных польскіх і французскіх акцёраў і працавалі ў рэзідэнцыях Сапегаў: у Ружанах, Дзярэчыне, Зэльве. У Ружанах нават былі музычная і балетная школы для дзяцей прыгонных.

- Тэатр у Дзярэчыне заснаваў у канцы XVIII стагоддзя апошні канцлер Аляксандр Сапега.

- Князь Астап, як склалася Ваша асабістае жыццё?

- Дзяцінства ў Спушы прайшло як у казцы. Нейкі час мы, праўда, жылі ў Лондане, бо бацька пры Пілсудскім быў паслом у Англіі. Мы яшчэ заставаліся там нейкі час, калі бацьку назначылі міністрам замежных спраў. У 1921 годзе бацька вярнуўся з Варшавы ў Спушу, мы далей былі разам.

З 1927 года я вучыўся ў школе, створанай Вацлавам Іваноўскім. Яна знаходзілася ў Пшчыне, у Верхняй Сілезіі, і вучылася там 16 чалавек з Радзівілаў, Замойскіх, Сапегаў і г.д., бацькі якіх вырашылі, што там будзе добрае паветра. Мы вельмі любілі настаўніка Вацлава Іваноўскага, бо ён трымаў усё жалезнай рукою і заўсёды можна было разлічваць на яго дапамогу, хаця ў злосці называў нас няраз „засранымі арыстакратамі”.

Атрымаўшы атэстат сталасці, я паехаў вучыцца ў школу падхарунжых кавалерыі ў Грудзёндз. Нахадзіўся па розных камісіях і ўправах, бо мне было ўсяго 17 гадоў, але прынялі. Тады мне здавалася, што надаюся толькі да вайсковай службы.

Пазней, ужо скончыўшы навуку ў Бельгіі, я пару разоў наведаў Сувалкі: быў там на палкавым свяце, на манеўрах на Бебжы. Я быў афіцэрам запасу.

У Антверпене я два гады вучыўся ў Вышэйшай гандлёвай школе і год у каланіяльным універсітэце (у іх была калонія ў Конга). Апошні год перад вайной я быў у Польшчы і меў намер ехаць у Мазамбік.

На вайну я пайшоў у трыццаць дзевятым з другім палком уланаў у Сувалках. Змагаўся пад Візнай. Вайну закончыў на бітве пад Коцкам. Там па загадзе генерала Клеберга мы склалі зброю. Мы з братам трапілі ў лагер для ваеннапалонных. Пад канец вайны я быў начальнікам польскіх стайняў у Германіі. Я добра гаварыў па-англійску і някепска выглядаў. Гэта было ў Грабаў. У маім ведамстве было дзве тысячы коней і трыста машталераў.

У Германіі я пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Антанінай Сяменскай, якая была ў АК і ўдзельнічала ў Варшаўскім паўстанні. Зналіся мы ўсяго тры дні, шлюб узялі пазней у Парыжы. За ўсё жыццё мы з ёю ні разу не пасварыліся, але пару разоў пабіліся. Жонка памерла чатыры гады таму.

- Калі Вы выехалі ў Кенію?

- У Кеніі мы жылі ад 1948 года. Я браўся там за розную працу. Спачатку я працаваў у фірме, якая збірала металалом. Я ездзіў па цэлай Афрыцы. Лом - гэта былі цэлыя фабрыкі, паязды, рэйкі. Я меў самалёт, якім можна было лётаць па цэлым кантыненце. На Ніле я парэзаў цэлы мост і пераслаў у Японію.

Пасля я збіраў каштоўныя камяні. У суполцы з іншым чалавекам мы мелі шахту, дзе здабывалі рубіны, якія мы пасля пастаўлялі для фірмы „Карц’е” ў Парыжы. Вялікага капіталу я на гэтым не збіў, але хапіла на тое, каб заснаваць паляўнічую фірму.

Наша фірма абслугоўвала сафары - афрыканскія паляванні. Я меў абсталяванне, транспарт, людзей, яны везлі на паляванне. Самі паляўнічыя ехаць на сафары не маюць права. Павінен з імі быць прафесійны паляўнічы, а я ім быў. Мая фірма дзейнічала каля дваццаці гадоў.

- Ці ёсць у Вас дзеці?

- У мяне тры дачкі. Сын Леў памёр ад рака, калі яму было дзесяць гадоў. Усе дзеці нарадзіліся ў Кеніі. Адна дачка выйшла замуж за шведа і заснавала ў Варшаве вялікую кампанію. Зяць ужо памёр. Памёр і другі зяць - граф Вадзіцкі. Найстарэйшая дачка замуж не выйшла, яна вядзе наш дом.

- А якая ў Вас там кухня?

- У ёй шмат солі і перцу. Але не ў нашым доме. Нідзе я не еў такога добрага баршчу з піражкамі, як у Найробі. А варыла яго мая жонка.

У Кеніі мы жывем з тубыльцамі ў вялікай згодзе, але зводдаля. У нас розная ментальнасць.

- Ці ёсць у Вас унукі?

- Тры сыны ў аднае дачкі і сын ды дачка ў другой. Усе па два метры.

Хачу вам сказаць, што ў часы другой сусветнай вайны мы страцілі ўсё і невядома нават, палілі немцы ці рускія. Страціўшы ўсё, мы не зрабілі вялікай кар’еры, але, бадай, не гэта галоўнае. Я працаваў рукамі, гляньце, якія яны, і не шкадую. Я жыў актыўна кожную гадзіну свайго жыцця. Шкада, што ў даны момант мая актыўнасць змалела.

- Скажыце, калі ласка, мо Вы сустракаліся з князем Мірскім, ён жа жыў у Лондане? Цяпер столькі гаворыцца пра Мірскі замак.

- З князем Мірскім я толькі раз еў абед у Навагрудку. Гэта быў замак Радзівілаў, а ён толькі купіў адну вежу і там жыў.

- Ці можна папрасіць у Вас пару слоў для “Нівы”?

- Вы ведаеце, мой бацька і брат дасканала карысталіся кірыліцай. Я вучыўся толькі лацінкай.

- Можна і лацінкай. Дзякую за размову і жадаю Вам аптымістычнага настрою, моцнага здароўя і добрага паветра ў Кеніі!

- Добрае паветра, яно тут...

Гутарыла Ада Чачуга

P.S. Астап Сапега даваў інтэрв'ю прынцыпова па-беларуску, а не па-польску.

© Арцём Аблажэй

Крыніцы:
Артыкул Пракаповіча Н. С. “Беларускі Версаль” з кнігі "Сведкі сівой даўніны"
Адам Мальдис “Белорусские сокровища за рубежом”
http://westki.info
http://niva.iig.pl
http://be-x-old.wikipedia.org

Артыкулы, Гісторыя, Яўстах Сапега, 1939-1945

Previous post Next post
Up