Оригинал взят у
zmicierbielapol в
Вадзяны бык Зацікавілі апавяданні пра вадзянога быка (аналаг вадзяніка) з Ушацкага р-на (Полацкі этнаграфічны зборнік. Выпуск 2. Частка 1. С. 87). Вадзяны бык жыве ў возеры, з'яўляецца яго гаспадаром, ранкам і ўвечары можна яго пачуць. Здаецца, што больш у Беларусі гэты вобраз не зафіксаваны, прынамсі не трапляўся мне ў літаратуры.
А цікава тое, што вобраз вадзянога быка даволі распаўсюджаны ў міфалогіі балканскіх народаў. Вадзяны бык таксама ўяўляецца гаспадаром возера (стаячага вадаёма), з'яўляўся ўлетку, выходзіў з вады і мог забіваць кароў і быкоў, што пасвіліся каля вады. Сербы верылі, што выхад вадзянога быка з вады, як і яго роў, мог папярэджваць пра пэўныя бедствы ці пра змену надвор'я.
У паданнях балканцаў, вадзянога быка праганяе свойскі бык, якому акоўваюць жалезам рогі па задумцы каваля (часам ганчара). Паранены вадзяны бык бяжыць назад у ваду і не вяртаецца. Аднак могуць быць наступствы: перасыхае вадаём, град знішчае ўраджай, а часам, маланка забівае каваля ці ганчара, які прыдумаў, як прагнаць вадзяного быка.
Існуе меркаванне, што пад вобразам вадзянога быка хаваецца хтанічнае боства, якому прыносіліся ахвяры. Паданне пра забойства вадзянога быка можа адлюстроўваць міфалагічны сюжэт пра выгнанне хтанічнага боства і ўзвышэнне Грымотніка.