БУДУЧЫНЯ НАМ НЕ СВЕЦІЦЬ )))

Jul 11, 2015 16:19

У фрэнда ў фэйсбуку пабачыў фатаздымак з крамы: некалькі горак рыбных кансерваў - "Кілька савецкая" і "Бычкі савецкія". Бляшанкі ўпрыгожаныя надпісам "Как раньше"...

Міжволі гэтая карцінка навяла мяне на думку, што ў Беларусі і ўлада, і апазіцыя клічуць нас у мінуўшчыну - там застаўся іхны "залаты век". Розніца толькі ў аддаленасці тых часоў, калі дзверы завязвалі кілбасой - у адных гэта было ў савецкі перыяд, у другіх - пры шляхце й рыцарах...

Будучыня? Гэта не для беларускіх элітаў: яна ім не цікавая ні ў якім выглядзе - ні светлая, ні цёмная. Ім бы - "как-раньшэ".

Зрэшты, суседнім з намі расіянам будучыня таксама не цікавая - у іх настальжы...

Заўважаецца гэта не ў апошнюю чаргу па літаратуры, дзе з мэйнстрыму практычна цалкам выпала навуковая фантастыка. Фэнтэзі, альтэрнатыўная гісторыя, нават сацыяльная фантастыка ёсць. Але ўсе гэтыя жанры не спрабуюць мадэляваць будучыню, іхны напрамак - "што было б, калі б..."

У гэтым сэнсе савецкая літаратура была куды больш аптымістычнай і цікаўнай да жыцця. Ужо ў 1920-я Аляксеем Талстым была напісаная "Аэліта". І, па сведчаннях гісторыкаў літаратуры, фантастычныя кніжкі такога кшталту ў 20-я гады з'яўляліся не па адной на год. Потым былі творы Бяляева, Яфрэмава, а навукова-тэхнічная рэалюцыя дала вялікую плынь у 60-70-х. Акрамя ўласна савецкіх твораў было даволі шмат перакладаў з зазходніх літаратураў. Усе яны спрабавалі мадэляваць будучыню, даваць сваю візію таго, з чым сутыкнецца чалавецтва.

Пасля распаду СССР жанр навуковай фантастыкі на нашых прасторах заняпаў. Не сумняюся, што нехта нешта піша, але шырокай публіцы ні гэтыя імёны, ні іх творы не вядомыя. Імёны Пялевіна і Сарокіна ведаюць нават тыя, хто не чытае сацыяльную фантастыку. Імёны Акуніна і Марынінай - не-аматары дэтэктываў... Хто ведае імёны сучасных аўтараў навуковай фантастыкі?

Можа, грамадства не хоча думаць пра сваю будучыню? Але пра што яму тады думаць? Сядзець і стагнаць, як было добра "как-раньшэ"?

Тым часам жыццесцвярджальная нацыя амерыканцаў абдумвае, як будзе каланізоўваць Марс. І "саенс фікшн" (у розных паджанрах) там працягвае развівацца.

Previous post Next post
Up