Sep 22, 2012 02:27
Палову сёньняшняга (ці, правільней, ужо ўчорашняга) дня адыходзіла ад навіны пра сьмерць Уладзіміра Радзівончыка. Добры хлопец, які нямала зрабіў дзеля свабоднай Беларусі. Асабліва ў апошнія гады (да ад'езду на лячэньне), калі займаўся грамадзкай дзейнасьцю у Пружанах. У нашых умовах - гэта справа нялёгкая. А рабіць гэта ў малым рэгіянальным горадзе, дзе кожны свой крок немагчыма схаваць, - тым больш. Уладзімір выдаваў газэту, запачаткаваў шэраг ініцыятываў па вырашэньні мясцовых праблем, шмат сустракаўся і працаваў зь людзьмі, абараняў іх правы.
Пазнаёміліся мы яшчэ ў старадаўнія часы нашага моладзевага актывізму. Я тады была ваяўнічай маладафронтаўкай, а ён, намесьнікам кіраўніка Асацыяцыі маладых палітыкаў (была такая арганізацыя пры АГП). Калі мы гуляліся ў пабудову кааліцыяў паміж моладзевымі арганізацыямі (тады можна было сабе гэта дазволіць, бо арганізацыяў было даволі шмат), то не заўсёды пазыцыі нашых аб'яднаньняў супадалі. І ў сілу нясьпеласьці маладосьці часта так атрымлівалася, што пачыналі ўспрымаць адно аднога як супернікаў. Але Уладзімір заўсёды заставаўся сваім, умеў унікнуць канфліктаў. І яшчэ ён шмат усьміхаўся, гэта падкупляла :)
Яшчэ адзін адданы краіне малады чалавек не дачакаўся пераменаў...
P.S. Уладзімер быў сябрам партыі АГП, пэўна, гадоў 15. І доўгі час - далёка не шэраговым. Дзіўна, што сайт гэтай партыі абмежаваўся адно перадрукоўкай інфармацыі аб яго сьмерці з НН.