ПЕТЭР ХУХЕЛЬ. КРАЯВІД ЗА ВАРШАВАЙ.

Dec 23, 2008 20:57

ПЕТЭР ХУХЕЛЬ

КРАЯВІД ЗА ВАРШАВАЙ

Кіркой сакавік разбівае

лёд нябёсаў.

Мкне святло з закапцелай расколіны,

вадаспадам сыходзіць

на тэлеграфны дрот і пустую шашу,

у абед гняздуе беллю ў трыснёгу -

вялікая птушка.

Яна расстаўляе шырока пальцы, зіхаціць -

перапонкі з танюткага туману.

Хутка цямнее.

Раўніна пад небам,

нібы пашча сабакі.

Узгорак курыць,

быццам за ім усё шчэ сядзяць

паляўнічыя ля цяпельца зімы.

Куды яны йшлі?

След зайца на снезе

раскажа аб гэтым калісьці.

© Peter Huchel, Gedichte

© Арцём Арашонак, пераклад на беларускую мову

translations

Previous post Next post
Up