Dec 17, 2008 11:13
КАІР, ШАГАЛ І ГАЛУБЫ
У паветры пахла карыцай і шакаладам. Фаці сядзеў на падушцы з зялёна-блакітнага аксаміту, паліў кальян і адрэшана пазіраў, як я кармлю галубоў
- Мне падабаецца Каір, - пазіраючы на цёплы, як спіна восліка, праспект, прамовіў я. На стале ляжаў альбом Шагала, куплены мною ў віцебскага букініста. - Прыгожая жанчына, апранутая ў белае, што прадае памідоры на пластмасавых сподаках.
Фаці глыбока каўтнуў дым, разгарнуў альбом і ўсміхнуўся. Малады голуб сеў яму на руку. З глыбіні кафэ з’явіўся афіцыянт, прынес каву і звярнуўся да нас абодвух:
- Калі жадаеце, мой брат адвязе вас на Аль-Варак за 20 фунтаў.Мы моўчкі кіўнулі. З маёй далоні ўпалі хлебныя крошкі.
- Гаспадар будзе не задаволены, калі ўбачыць, што вы корміце птушак, - сказаў хлопец, выціраючы срэбны паднос.
Фаці выцягнуў купюру ў пяць фунтаў, паклаў на абрус і звярнуўся да мяне:
- Раскажы пра Шагала…
Я задаволена адпіў каву. Хацелася расказаць сябру ўсё, што ведаў і што чытаў у кнігах пра вялікага мастака, пра блакітныя, як каірскае неба, карціны, што бачыў на розных выставах. У гэтае ж імгненне афіцыянт падышоў да стала, каб забраць грошы. Галубы спужана ўзляцелі. Мяне пераклініла:
- Што раскажы? Пра Шагала? Ах, так… Галубы… Галубы… Прабач, Фаці… Галубы зерне ўспамінаў маіх склявалі.
miniatures