Аўстрыйская грамадскасць заклікала Беларусь адмовіцца ад будаўніцтва АЭС

May 11, 2010 22:51


На слуханнях у Вене эксперты прыйшлі да высновы, што праект Астравецкай АЭС не гатовы да рэалізацыі.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў расійскі навуковец Андрэй Ажароўскі, які таксама ўдзельнічаў у мерапрыемстве. Ён зацытаваў выніковыя словы прадстаўніка Федэральнай зямлі Верхняя Аўстрыя Герхарда Лойдла.

“Праект не гатовы да рэалізацыі і мы просім прыпыніць выкананне праекту. Афіцыйна ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе не дала адказы на ўсе пытанні. Не даказана, што прапанаваны праект належыць да так званага трэцяга пакалення, не дадзена поўная ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, не разглядаюцца пытанні адкідаў і захавання адпрацаванага ядзернага паліва, няма пэўнасці з магчымай аварыяй самалёта, не даследаваны або не карэктна пададзеныя звесткі па магчымасці аднаўляльных крыніц энергіі, таксама некарэктна прадстаўлены сцэнарыі аварый”.

Слуханні ў Вене працягваліся сёння 5 гадзінаў. У іх удзельнічалі каля 40 чалавек, у тым ліку і 8 афіцыйных прадстаўнікоў нашай краіны: ад Міністэрства энергетыкі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ды іншых ведамстваў.

“Вена знаходзіцца прыблізна ў тысячы кіламетрах ад астравецкай пляцоўкі. Аўстрыя, у адпаведнасці са сваім заканадаўствам, лічыць сябе бокам, які закранаецца. Абсалютная большасць удзельнікаў з Аўстрыі ўпэўненыя, што ў выпадку, калі астравецкая АЭС будзе пабудаваная і на ёй раптам адбудзецца аварыя, то сітуацыя можа быць цалкам падобная да чарнобыльскай. А Аўстрыі ад Чарнобыльскай АЭС дасталася да 2-3% выпадзення радыенуклідаў”, - распавёў Андрэй Ажароўскі.

Напрыканцы слуханняў выступілі афіцыйныя прадстаўнікі нашай краіны, якія заявілі, што канчатковае рашэнне наконт будаўніцтва АЭС будзе прымаць сама Беларусь. Таксама яны адзначылі, што, згодна з міжнароднымі нормамі, зона абарончых мерапрыемстваў - 3 кіламетры, таму Аўстрыі нашая станцыя пагражаць не можа.

"У цэлым не задаволеныя вынікам. Бо вынік такі: Беларусь будзе будаваць АЭС, бо лічыць яе бяспечнай і неабходнай. Пры гэтым погляды звонку вітаюцца, але не прымаюцца да разгляду", - заявіў Еўрарадыё эксперт права аўcтрыйскай экалагічнай арганізацыі Oekobuero Клеменс Конрад.

Паводле яго слоў, канфлікт паміж прыхільнікамі будаўніцтва АЭС і праціўнікамі застаўся, а мерапрыемства яго не вырашыла. Клеменс Конрад запытаўся ў беларускіх прадстаўнікоў, што будзе, калі Архускі камітэт разгледзіць скаргу па будаўніцтве АЭС і будзе чымсьці незадаволены ды запытае Беларусь паўтарыць пэўныя працэдуры. Дакладнага адказу спадар Конрад не пачуў: яму сказалі, што вынік разгляду скаргі будзе абавязкова станоўчы, негатыўнага сцэнарыя не існуе.

Клеменс Конрад: "У мяне адчуванне, што беларускія спецыялісты вельмі стараліся даваць дакладныя адказы, але ў шэрагу выпадкаў няўдала, бо слова браў некампетэнтны чалавек... Мне здаецца, яны адказвалі, як маглі. Не ведаю, як далёка яны маглі пайсці, - гэта палітычнае пытанне".

Напярэдадні слуханняў у Вене прайшлі і закрытыя кансультацыі на афіцыйным узроўні. На аснове іх, а таксама публічнага абмеркавання Аўстрыя сфармулюе сваю афіцыйную пазіцыю і накіруе яе ў Беларусь.
http://euroradio.fm/by/1211/reports/47603/

будаўніцтва аэс, навіны

Previous post Next post
Up