Таня Сапач (1962-2010)

Dec 27, 2020 22:32


(...)Дакладна насупраць дамка ў якім месьцілася рэдакцыя быў канечны прыпынак аўтобуса №44. Маршрут гэты зьвязваў Вільню з далёкім прадмесьцем Новай Вільняй. Яно тады чулася даволі самастойнай геаграфічнай адзінкай, якая зусім нядаўна мела сур'ёзныя прапановы стаць сталіцай польскай аўтаноміі ў Літве. І, дарэчы, да Вілейкі дабіваў наземны сыгнал Беларускага тэлебачаньня. У гэтым раёне жылі як раз Дубаўцы. Калі Сяргея аўтобус давозіў проста пад працу, то Тані да тэлебачаньня трэба было дабірацца дадатковым транспартам.

Справа ня толькі ў тым, што паміж Вілейкай і Вільняй хадзіў аўтобус вельмі рэдка, а прыпынак быў зусім не абсталяваны, і ў дрэннае надвор'е (я ня ўпэўнены, што ў Вільні бывае іншае) чакаць транспарт там было зусім не камфортна. Таня Дубавец часта і ахвотна заходзіла ў рэдакцыю ня толькі таму, што інфраструктура грамадзкага транспарту ў Вільні была так сабе. Заўтра пра гэта ніхто не задумаецца, але фэномэн старой Нашай Нівы, адкрытага дому для ўсіх, то гэта ў першую чаргу заслуга Касі і Сярогі Харэўскіх, якія жылі ў тым самым доме, ад прыроды былі людзьмі гасьціннымі і старанна падтрымлівалі гэты фармат, часам нават на шкоду сабе. Пазьней, пасьля таго, як яны зьехалі з Зыгмутноўскай у сваю кватэру - заглух і паток людзей, які прыходзіў у дамкі.

Памятаецца глупае, недарэчнае і непазьбежна сьмешнае. У той дзень, Таня Сапач, як заўсёды зайшла пачакаць аўтобус, выпіць кавы, выкурыць цыгарэту, папляткарыць з Касяй Харэўскай. Ня гледзячы на некаторую розьніцу ўва ўзросьце яны даволі добра ладзілі.

У той сьнежаньскі дзень Таня па дарозе на працу зайшла ў рэдакцыю. Чамусьці ўся мізансцэна адбывалася на варыльні. Відаць размова падыходзіла пад канец, бо апрача Касі і Тані на кухні круціліся я і Дзёня Раманюк. Усе мы былі ў прыпаднятым настроі: з хвіліны на хвіліну мы чакалі прыезду дырэктара «Нашай Нівы» Алег Дзярновіч, які павінен быў прывезьці нам заробкі за апошнія некалькі месяцаў. Паводле зьбегу падзеяў, у той самы дзень Сяргей Дубавец, пры пасярэдніцтве паэта Алега Мінкіна на ўзятыя ў доўг грошы купляў патрапаны Жыгуль-капейку.

Гэтая акалічнасьць нечакана для мяне ўзбудзіла Дзёню Раманюка. Я, як чалавек, які вырас пры аўтазаводзе, спакойна гляджу на аўтамабілі і па гэты дзень скептычна стаўлюся да прадукцыі аўтапрому, бо добра ведаю людзей, якія там працуюць. Але Дзяніс неяк гэтую пакупку прыняў блізка да сэрца. Думаю, як сын прафэсара, прадстаўнік эліты, у Вільні ён адчуваў прынцам у выгнаньні, і прыдбаньне рэдактарам вельмі беднай газэты такой статуснай тады рэчы, як аўтамабіль, закранула струны ў ягонай душы. А мо проста быў у злым гуморы і гэты жэст начальніка фактычна жабракубчага калектыву, падалася яму недарэчным.

Пад канец размовы, на разьвітаньне Таня раптам папрасіла ў нас пазычыць талёнчык на аўтобус. Маўляў, рабяткі, можна хто пазычыць мне білецік на аўтобус. Сама просьба мізэрная, транспарт тады каштаваў непрыкметныя ў бюджэце грошы, і тут пытаньне ня столькі фінансавую дапамогу было, колькі пра зручнасьць: квіткі тады ў транспарце не прадавалі, а да бліжэйшага шапіка было даволі далёка. Не пасьпела Кася пакласьці білецік на стол перад Таняй, як зьедлівы Дзёня на поўны голас агучыў сваё рэзюмэ да сцэнкі: «Вось так людзі машыны і пакупаюць». Прысутныя дружна засьмяяліся і гэтым вызвалілі Тацьцяну як ад рэплікі ў адказ, так і неабходнасьці публічна прызнаваць фармальную рацыю калегі.

Гэты выраз стаў мэмам, які па гэты дзень цыркулюе ў нашым коле. Праз гады неяк паспрабаваў Тані нагадаць анекдот зь якога ён паходзіць: яна шчыра зьдзівілася і сказала, што нічога такога ня памятае.

27.12.2020

Вільня, НН, Тацьцяна Сапач

Previous post Next post
Up