Такія месты проста так не пакідаюць... Думаю, песьню «Разьвітаньне зь Вільняй» Міця Бартосік выканаў больш разоў, чым Led Zeppelin сваю “Stairway to Heaven”. Ягоная сьцпілая музычная кар'ера аказалася больш працяглай, чым у большасьці зорак рок-н-ролу.
Я не аматар бардаўскай песьні, і каб не настойлівасьць рэжысёра Алега Дашкевіча, які хоча ўплесьці гэты твор Зьмітра ў сюжэт свайго фільма, я б сто гадоў не ўспомніў пра яго. Ну а тым больш, пра такі нязначны эпізод біяграфіі, у якім я ненаўмысна аказаўся першым чытачом гэтых вершаў.
Здаецца, у 1994 ў Зьмітра скончыліся ўсе магчымыя падставы на легальнае знаходжаньне на тэрыторыі Літвы і ён вырашыў вярнуцца ў Гомель. Напярэдадні ад'езду, ён зайшоў у рэдакцыю Нашай Нівы разьвітацца. Доўга, вельмі доўга чакаў рэдактара Cяргея Дубаўца, але той так і не прыехаў. У рэдакцыі не было тэлефону, для таго каб пазваніць трэба было выходзіць гатэль па суседству і мець пры сабе адмысловыя жэтоны для аплаты размовы. Рабілі мы гэта ў скрайніх выпадках.
На нячуласьць рэдактара ў гэтым канкрэтным выпадку таксама не выпадае ўказваць, бо Дубаўцы тады жылі ў Новай Вільні (па мясцоваму -- Вілейцы) вельмі аддаленым раёне, па вялікім рахунку, ня так і даўно далучаным да Вільні, зь якога дабірацца цэнтар было даволі складана. Гэтае колькігадзіннае чаканьне было цяжкім і напружаным. Нібыта ты ні пры чым і дапамагчы чалавеку ня можаш і суперажываньне не прыносіць палёгкі ні табе ні Міцю. Колькі можна чалавека паіць кавай?
Сам жэст прыйсьці і разьвітацца з боку Міці ў той дзень мяне троху зьдзівіў. У 1993-94 у НН ён заходзіў вельмі рэдка (на самой справе, мне запомніўся толькі гэты разьвітальны візыт), хоць дзьверы рэдакцыі былі адчыненыя і для яго таксама. Зрэшты, ці мала якія эмоцыі накатваюць на кожнага з нас у хвіліны пераломных падзеяў? Захацеў пабачыцца перад дарогай? І што з таго, што ў чужых вачох гэта выглядае троху штучна?
Калі ўжо стала зразумела, што рэдактара ён сёньня не дачакаецца - Міця пайшоў далей закрываць справы і на стале каля кампутара, за якім працавалі як Дубавец так і я, пакінуў аркуш з ахайна напісаным ад рукі тэкстам вершаў.
Я прачытаў першы слупок і апошні. Вершы мне падаліся задоўгімі, а іх рамантычны патас штучным. Праз пару тыдняў, яны зьявіліся ў газэце, і я, можа ўпершыню, унутрана зусім не згадзіўся з выбарам рэдактара.
Сёньня, у чарговы раз, без асаблівага жаданьня, успамінаў падзеі тых гадоў і зразумеў, чаму Бартосікавы вершы не знаходзілі ў мяне ніякага водгука апрача лёгкага зьдзіўленьня.
За час нашага знаёмства мне да таго вечара неяк мне ніколі не сутыкаўся з праартыкуляваным жаданьнем Бартосіка застацца ў Вільні. Мы зь ім пазнаёміліся летам 1993-га пад час паступленьня ў Віленскі Педагагічны Ўнівэрсітэт. У нас была прыблізна аднолькава нізкая падрыхтоўка па літоўскай мове, якая тады ўжо стала абавязковай пры паступленьні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы: перад іспытамі ён ня вельмі актыўна займаўся на падрыхтоўчых курсах, я ж амаль два гады вучыў літоўскую без каліва імпэту ілюзыяў, што яна хоць неяк у жыцьці прыдасца: літоўская літаратура нечакана для аказалася даволі панурай, а мова непад'ёмна складанай.
Прадказальным чынам, на іспыце мы зь Міцям атрымалі максымальна магчымыя нізкія балы. Тут трэба сказаць, што ў 1993 годзе Літва была краінай з найдзвычай лагоднымі норавамі і чалавечымі ўмовамі. Кіраўніцтва ўнівэрсітэту дазволіла ўсім тым, хто ня здолеў нічога путнага паказаць на пісьмовым іспыце, паспрабаваць шчасьця ў апэляцыі.
Для гэтага трэба было напісаць заяву з просьбай дазволіць пераздаць іспыт. У сёньняшніх рэаліях гучыць дзіка, але прыкметная частка выпускнікоў мясцовых расейскіх і польскіх школ валодалі дзяржаўнай мовай надзвычай слаба: іх арсэнал абмяжовываўся самымі простымі граматычнымі канструкцыямі, нацягнутымі на слоўнік ў межах якіх 100-150 слоў. Таму ўнівэрсітэт вымушаны быў зьменшыць патрабаваньні ў спадзяваньні на тое, што за чатыры гады будучыя пэдагогі засвояць дзяржаўную мову ў належным аб'ёме. Заяву нам зь Міцям напісала сакратарка катэдры беларусістыкі, чалавек зь вялікім сэрцам, Ірэна Пяткевіч. І мы яе, як змаглі, перапісалі. У прыёмнай камісіі прачыталі нашы безнадзейныя прашэньні, знайшлі ў тэксьце колькі памылак, выправілі іх чырвоным колерам і папрасілі перапісаць, маўляў, хоць у дакумэньце без памылак напішыце.
Мне ня вельмі хацелася перапісваць мутны тэкст, я ня вельмі верыў, што гэтае дзеяньне мае нейкі сэнс, нейкіх сур'ёзных матываў паступаць сюды ў мяне асабліва не было і праэкты на паўдарозе кідаю часьцей, чым даводжу справу да канца, але я вырашыў паглядзець чым усё скончыцца і проста перапісаў тэкст без памылак. Міця ня стаў замарочвацца і пайшоў піць зь дзяўчатамі каву ў буфет.
Праз гадзіну я пайшоў на пераздачу, якая прайшла даволі камічна. Пад час яе дзьве экзамінатаркі правяралі мае навыкі размоўнай літоўскай. Дыялёг аказаўся нечакана кароткім.
-- Дзе вы нарадзіліся?
-- У Армэніі.
-- Дзе вучылі літоўскую?
-- У Маскве.
-- Цікава... Добра, а як даўно вы ў Літве?
-- Другі тыдзень.
-- Што ж, відаць вы у нас затрымаецеся.
І напісалі ў табель мінімальную станоўчую адзнаку.
Ня думаю, што ў Бартосіка пераэкзаміноўка прайшла па горшым сцэнарыі, усё ж чалавек на актора вучыўся, але Міця не пакінуў нам магчымасьці праверыць гэтую гіпотэзу і пайшоў у чаргу па горкую рабусту ў буфэце, і ў каторы раз прымерыў на сябе ролю чалавека ня створанага для сыстэматычнай адукацыі. І тут на табе раптам: «Такія месты проста так не пакідаюць». Калі гэтая Вільня такая важная для цябе, то чаму нельга было троху напружыцца і перапісаць заяву? Ці заўважыў Міця сувязь паміж гэтымі падзеямі? Ці напісаў бы што моцнае пра Вільню, каб тут застаўся на чатыры гады? Ды ці застаўся б?
Свае шанцы застацца ў Вільні, як сёньня мне бачыцца, у тыя дні ня вельмі цаніў і Сяргей Дубавец. Сітуацыя ў параўнаньні з 1990 годам, калі пачалася спроба рэалізацыі беларускай рэканкісты ў Вільні моцна зьмянілася: ён ня меў ніякай падтрымкі ні з боку беларускай грамады ні з боку літоўскай публікі, якой у лепшым выпадку не было справы да беларусаў. Беларускія чытачы аказаліся за мяжой, і вялікіх пэрспектыў у Літве ні ў адроджаннай Нашай Нівы ні ў яе рэдактара Сяргея Дубаўца не было відаць. Магчыма, на момант публікацыі ён ужо меў пляны вяртацца ў Менск, таму і такое места не хацелася проста так пакінуць. Прынамсі на словах, няхай і прамоўленых іншым.
лістапад-сьнежань 2020