Фонд «Краіна замкаў» стварае ландшафтны парк з паменшанымі копіямі замкаў Вялікага Княства Літоўскага. Парк размесціцца на двух з паловай гектарах зямлі ў Ашмянскім раёне, на базе аграсядзібы «Шляхецкая ваколіца» каля вёскі Гальшаны, піша
"Наша Ніва".
Ажыццявіць праект дапамагае Еўрапейскі Саюз. У межах праграмы ЕС «Судзеянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», якую рэалізуе ў Беларусі ПРААН, на стварэнне парка выдаткавана 18 тысяч даляраў. Яшчэ каля 7 тысяч стваральнікам давядзецца дакласці.
Да жніўня 2016, паводле ўмоваў праекта, парк мусіць прыняць наведнікаў. Для пачатку ў ім зробяць копіі 10 замкаў. Сярод іх - Мір, Навагрудак, Гродна, Гальшаны, Ліда, Крэва. Але будуць не толькі тыя, што на тэрыторыі Беларусі: гісторыю ВКЛ немагчыма ўявіць без Вільні і Трокаў.
«Замкі зробяць у маштабе 1:25, - паведаміў кіраўнік фонда «Краіна замкаў» Алесь Варыкіш. - Гэта значыць, што вежы Мірскага замка будуць мець вышыню 1,4 метра». Стварэннем макетаў займаюцца два архітэктары. За аснову яны бяруць выявы замкаў, што захаваліся, але там, дзе планаў і рэканструкцый няма, давядзецца ўжыць фантазію, адзначае сп.Варыкіш. Замкі будуць вырабленыя з пластыку, каб іх можна было размяшчаць пад адкрытым небам.
Алесь Варыкіш бачыць парк як месца для шпацыраў і адпачынку. Між замкамі будуць альтанкі, дарожкі, кветкі.
Парк «Краіна замкаў» кладзецца ў папулярны турыстычны маршрут Крэва-Баруны-Гальшаны. «Людзі пабываюць каля руінаў Гальшанскага, Крэўскага замкаў, а пасля прыедуць да нас, каб пабачыць, як гэтыя аб’екты выглядалі, калі былі цэлымі. Можа, гэта падштурхне чыноўнікаў больш актыўна займацца нашымі самымі праблемнымі замкамі ў Крэве і Гальшанах», - адзначыў Алесь Варыкіш.