ВЫСТАВА “ГАНДАЛЬ БЕЛАРУСІ НА ШАЛЯХ ГІСТОРЫІ”

Nov 07, 2015 15:04


11 лістапада 2015 года адбудзецца прэзентацыя выставачнага праекта “Гандаль Беларусі на шалях гісторыі”, паведамляе Міністэрства гандлю.

Выставачны праект “Гандаль Беларусі на шалях гісторыі”, які адкрываецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца сумеснай плённай працай Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Цэнтра вывучэння гісторыі гандлю кампаній “Менка”, Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь. У стварэнні выстаўкі прымалі ўдзел вядучыя музеі і архівы краіны, установы адукацыі.

Экспазіцыя дэманструе асноўныя этапы развіцця гандлю, яго ролю ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці нашай краіны. Гэта вытокі гандлю на старабеларускіх землях, асаблівасці яго развіцця ў часы натуральнай гаспадаркі, у перыяд рынкавых капіталістычных адносін, сістэма гандлю ў савецкі час.

Развіццё на выстаўцы паказваецца і праз гандляроў, і праз пакупнікоў. Прэзентуюцца прадметы амаль з усіх калекцый музея, таму што практычна любая рэч магла ў розныя часы быць таварам.

У экспазіцыі наведвальнікі ўбачаць шмат цікавых прадметаў: археалагічныя матэрыялы, скарбы зямлі беларускай 12-15 стагоддзяў, літоўскія і наўгародскія грыўны і іншыя ўнікальныя манеты. На выстаўцы будуць прадстаўлены вагі, бязмены, касавыя апараты розных часоў, дзіцячыя цацкі, прадметы раскошы са срэбра, шкло, жаночыя капелюшы, абутак і іншыя прадметы, якія можна было набыць на кірмашах і ў крамах.

Прадметы кантрабанды пачатку 20 стагоддзя - соль і мыла - прадстаўлены ў чамаданах, у вітрынах - фотаапараты, гадзіннікі, футра…

Суправаджаюць паказ постаці вікінга, карчмара, рамесніка, купца, кантрабандыста, прадаўца, спекулянта.

Падчас працы выстаўкі запланаваны шэраг імпрэз - навуковых, адукацыйных, забаўляльных.
____________________________

Музей працуе: з 11.00 да 19.00 без выходных.
Каса працуе: 11.00 - 18.30.
Уваход наведвальнікаў: 11.00 - 18.30
Трэці панядзелак месяца - санітарны дзень.

музеи, Беларусь, история

Previous post Next post
Up