Click to view
Карціна Яўгена Сяцько з'явілася ў год святкаваньня 80-годдзя аўтара "Каласоў пад сярпом тваім", "Дзікага паляваньня караля Стаха" ды іншых знакавых для беларусаў твораў.
Пабудавана яна па класічнай біяграфічнай схеме: рэжысэр разам з аўтарам сцэнарыя Уладзімірам Марозам вядуць аповед ад нараджэньня будучага пісьменьніка да ягонага заўчаснага сыходу.
Перад гледачом паўстаюць краявіды этапных для жыцьцяпісу Уладзіміра Караткевіча мясьцін: куткі роднае Аршаншчыны, муры сабораў і сцены філфаку Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсітэту, украінская вёска, дзе два гады настаўнічаў, Рагачоў, у якім жыў пасьля вяртаньня на Радзіму, ды сьціплы менскі кабінэт...
Нягледзячы на, здавалася б, вялікую насычанасьць візуальнага шэрагу, функцыя асноўнага расказчыка аддадзена рэжысэрам закадраваму тэксту. Маналагічны аповед "пад карцінку" колькі разоў перарываецца інтэрв'ю з экспертамі, якія надаюць вобразу Караткевіча ў стужцы Яўгена Сяцько пэўную афарбоўку.
Прысутнічае ў фільме й хроніка ў выглядзе фотаздымкаў ды фрагменту тэлевізійнага запісу сьвяткаваньня юбілею пісьменьніка ў 1980 годзе.