Калі ты маеш галаву, ці бізнэс, ці проста якія ідэі - рэалізаваць свае здольнасці ў Камбоджы не праблема. Дзяржаўных ідэолагаў няма, цэнзуры няма, падаткавай проста няма, як з’явы, над душой ніхто не стаіць! Жлукці сабе “Khmer rum” па 1,5 $ за пляшку 0, 7, закусвай авакада з мангусцінамі ды рабі, што хочаш! Але калі ты дэгенерат з адной звілінай, табе толькі адна дарога - у мянты.
Уладкоўкаюцца ў камбаджыйскія мянты так. Спярша ты падаеш заяву ў мясцовы МУС, за рэгістрацыю каторай бяруць 20 даляраў. Потым даеш хабар у міністэрства ў 100 баксаў і атрымліваеш права на нашэнне формы, зброі і пасведчання. Форму шыеш за свае грошы, каштуе гэта каля 30 даляраў. Пісталет таксама купляеш сам - ці на “чорным рынку” у гангстэраў, ці ў адстаўных паліцэйскіх.
Пісталет у камбаджыйскай паліцыі - ці не галоўнае. Чым большы пісталет па памерах і чым большага калібра, тым перспектыўнейшая твая будучая служба.
Калі ты набыў газавы рэвальвер ці зброю непрыстыжных мадэляў, вялікую пасаду ты не атрымаеш - хіба што станеш вулічным паліцыянтам. Вартыя вялікай пасады амерыканскія кольты 45-га калібра - твая кар’ера адразу ідзе ўгару, ты можаш уладкавацца нават на мяжу з Тайландам (гл. фота), вельмі хлебнае месца.
Але ж і форму, і пісталет, і ўсё астатняе можна прадаць турыстам з немалой выгадай.
І ў Пой Пеце, і ў Сіем Рыепе, і ў Пнам Пене да мяне нахабна чапляліся камбаджыйскія мянты, прапануючы купіць сваю форму, кайданкі, партупею і нават пісталет проста на вуліцы. Каштарысы: паліцэйская значка: 10 баксаў (аддадуць за 5), кайданкі 20 (аддадуць за 10), камплект формы з партупеяй - 100 (аддадуць за 80, сярэдняя зарплата за месяц афіцэра паліцыі), пісталет - 200.
Кожным разам я ветліва абмаўляўся ад такіх суверінаў, але ж у думках увесь час свярбела: ну калі ж беларускія мянты падчас Плошчы-2010 і “беркут” часоў Майдана не гандляваў формай і зброяй?!
P.S. Пра гэта распавёў на сваёй старонцы ў фэйсбуку
Уладзіслаў Ахроменка. Фота таксама аўтара (хацела перакласці на рускую для больш шырокай аўдыторыі, але не... увесь каларыт губляецца. Трэба чытаць на мове арыгіналу.)