пра мову Менска 1958 г., мову Берасця і развагі пра нацнігілізм

Aug 23, 2014 00:54



Фота Іванова Н.А. Здымак зроблены ў 1957-1958 гг. з боку плошчы Леніна (пл. Незалежнасці).
Фота публікуецца з сайта Белпошты.

Прачытала ў фэйсбуку Uladź Koščanka цікавае з успамінаў Федара Клімчука пра мову Менска 1958 г., мову Берасця і развагі пра нацнігілізм.

На Палессі да нацнігілізму ў старыну адносіліся негатыўна. Да і не толькі на Палессі. Калі чалавек не гаворыць мовай свайго этнасу ці мікраэтнасу з сваімі маці і бацькам, дык гэта лічылася такім жа, як забіць чалавека, аграбіць, абакрасці ці штосьці падобнае. З некім іншым ды яшчэ ў горадзе, дык можна па-усякаму гаварыць. А з бацькам, з маці, ды яшчэ з раднёю, з суседамі дык не. І калісьці таксама мову прыходзілася бараніць. Як людзей папракалі, чаму яны не пераходзяць на прэстыжную мову, дык у Драгічынскім раёне ім адказвалі: «А чы мы в Бога тыля вкралы?!». Адным словам так: якбы якія людзі ўкралі ў Бога цялё, дык яны мелі б права гаварыць мовай расейскай, польськай, нямецкай, кітайскай і ўсякай іншай. Але мовай ці гаворкай свайго этнасу гаварыць ужо не мелі б права. А вось у вёсцы Млынок Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці казалі так: «А ці мы ў Бога цялё з’елі?!».

Гэта ўсё абарона права гаварыць мовай свайго этнасу.
А яшчэ я пачуў у 1958 г. у Мінську такую прыказку: «ПАВЕСІЛА ЛАПЦІ НА СВЕТАФОР». Гэта пра дзяўчыну ці маладзіцу, якая прыехала з вёскі ў Мінск, пражыла тут некалькі дзён і за гэтыя дні зусім «забылася» беларускую мову.

Раскажу вось пра шчо. Першы раз я прыехаў у Мінськ у 1958 годзе. Чым тады Мінськ мяне здзівіў?

Здзівіў мяне тым, чаго я не чакаў. А што я чакаў? Я чакаў тое, што я чуў пра Мінск і цэнтральна-усходнюю Беларусь, пра яе гарады. Я лічыў, што пануе ў Мінску расейская мова. А што я ўбачыў? Я ўбачыў, што ў Мінску ПАНУЕ БЕЛАРУШЧЫНА. Недзе так адсоткаў 75 жыхароў Мінска ў 1958 г. гаварыла на моўнай сістэме, аснова якой была беларуская. Асабліва фанетыка і сінтаксіс. Не, гэта не была выкштальцоная мова, гэта не была мова беларускага тэатра. У ёй было нямала расейскіх слоў. Але белоруская аснова у ёй была яўная. Праўда, ужо тыя дзеці, якія прайшлі дзіцячыя садкі, гаварылі па-расейску.

Жыў я тады ў Берасцейскай вобласці. Час ад часу наведваў Берасце. У Берасьці тады тубыльніцкай заходнепалескай гаворкай валодала прыкладна трэцяя частка насельніцтва. Бывала ідзеш вуліцай Берасця і праз некалькі крокаў чуеш заходнепалескую гаворку. Дык вось, на канец 1950-х гадоў працэнт людзей, якія валодалі мясцовай тубыльніцкай гаворкай для горада Берасця я вызначыў у 33%, а для горада Мінска - у 75%.

У 1958 г., як я прыехаў у Мінськ, дык спыніўся ў сваіх землякоў на Аўтазаводзе. І яшчэ гаварылі многа вось пра што. Гаспадары аддавалі сваю дачку ў школу. І вось яны не маглі вырашыць, у якую школу аддаць дзяўчынку: у рускую ці ў беларускую. Тады, як хто ў Мінску хацеў аддаць дзіця ў беларускую школу, дык ніякай праблемы не існавала. Беларускія школы былі па ўсяму гораду. І напаўняльнасць у іх была нармальнай. Праўда, па ўсяму Мінску рускіх школ было болей, чым беларускіх. Аддалі дзяўчынку ўсё ж у рускую школу. Чаму? Руская школа была намнога бліжэй, чым беларуская.

Нарэшце яшчэ адзін факт. Мінск, 1958 г. Заходжу ў магазінчык. Там усяго адна прадаўшчыца. Сярэдніх гадоў, па нацыянальнасці - габрэйка. Людзі падыходзілі - яна прадавала. І ў размове з людзьмі яна пераходзіла то з рускай мовы на беларускую, то з беларускай на рускую. Для яе абедзве гэтыя мовы былі раўназначныя.

беларуская мова, Беларусь на старых здымках, Минск

Previous post Next post
Up