Здымак Вячаслава ДУБІНКІ'
Час разлівае нам у чаркі,
Як тамада, на небе Бог
І вызначае той парог…
А вось чаму яму не змог
Наліць паўнюткую без сваркі?
Не разумею, далібог!
Адкажа, можа, мне Палессе -
Той рум, дзе вяжуцца ў вякі
Гадоў жывічныя радкі, -
За што Паэту лёс такі,
Нашто забраў яго, Вялесе,
Заўчасна з любае ракі?..
...Ён нам пакінуў на Палессі
Лілейнае святло заток,
І сціплы ў жыце васілёк,
І верша згублены лісток
Бусліных крыл у паднябессі;
Крыніцы - творчасці выток.Не ўсё даверыў ён паперы.
Шматкроп’ямі яго радка:
Аблокаў белых талака
І цуд Лявона Буяка -
Алтарныя разныя дзверы
Царквы Давыда-Гарадка.
Яго вяла да Храма Прыпяць,
І ён упарта, як бурлак,
Цягнуў з сабою нас няўзнак.
Ён паказаць хацеў нам, як
Затокі срэбрам хвалі ўзрыбяць…
Радзімы ўсмешлівы бурсак!
Пайшоў… І аўдавела рэчка.
Стрыножаны на нейкі час,
Разгублена стаіць Пягас -
Задоўга цягнецца папас.
Самоціцца яго вуздэчка,
Недасягальная для нас…
Куды ж, Айчына, ты без сына
Сярод няўмольнасці жыцця,
Няўжо ў сутонне небыцця?..
Паміж аера і трысця
Плыве без ветразя краіна,
Радзіма - роспачы ладдзя!
Георгій Ліхтаровіч