МАМА, СЫНА ЗАБРАЛА НЕБА...
прыгарадны цягнік,
кірунак - у невядомасьць,
апошняя станцыя - сьмерць
і белыя калідоры,
у вагонах так дзьме, так дзьме,
што, здаецца, туга скуголіць
і скразьняк такі,
што зьдзімае
пасівелыя валасы,
а навокал чыесьці рукі
цягнуць нас
за палітоны:
дзе былі вы
у той дзень?
ці былі вы?
ці не былі?
і гучаць паўсюль ў паўтоны
надарваныя галасы
і шырокі
зямлісты цень
апярэджвае нашу дарогу,
я ж маўчу,
сьцяўшы зубы,
да рыпу
і выродлівая мярэжы
паўстаюць уваччу
ад крыку,
што ўнутры
мне так рэжа, так рэжа,
нібы я заглынуў нажы,
галасы ж не змаўкаюць:
скажы!!!
я выскокваю,
бегам - па сьнезе,
так халодна,
так скразьнякова,
што займае сілу і мову...
я бягу,
без абутку
чамусьці,
я бягу,
прыбягу калі?
як далёка мой дом, як далёка,
як ляцець да яго нялёгка,
страшны сон мой,
мой сон трывожны.
Маці кажа: да Бога малі...
кожны тут апынуцца мог,
кожны,
адлятаючы
ад
зямлі.
"Ну, пакуль.
Пераймацца ня трэба.
У мяне ўсё выдатна, мама.
Мама,
cына забрала неба.
І кАты.
Ну, пакуль.
І яшчэ. Я забыў запытацца:
колькі дзён гэтым годам у лютым?
Не магу ніяк дачакацца,
калі ўсё ж цябе абдыму
я..."
Валярына Кустава
16-17 сакавіка 2012
вершы ўзяты з блога
valjaryna здымак з блога
kurjerskij лісты Влада Кавалёва дадому можна пачытаць на
euroradio.fm http://s019.radikal.ru/i627/1203/6c/1f0753623908.jpg" width="800"> |