Пра "быць" і "здавацца"

Feb 01, 2009 20:50



Посмотреть на Яндекс.Фотках
Часта выстаўляю фота і чытаю "як смачна выглядае!"
Але праўда ў тым, што прыгажосць фотаздымка і якасць ежы не адпавядаюць адно аднаму.
Вось, напрыклад, здымак, які вы бачыце. Рэцэпт, на першы погляд, класны. На змазанай алеем фальзе -- бульба, мяса, маянэз, памідоры чэры і сыр... Добра пахне, смачна, хоць і досыць традыцыйна... Але не дай вам Бог прыгатаваць гэтую страву для рамантычнай вячэры! Бо адарваць гэтую запяканку ад фальгі немагчыма, і вам давядзецца выкусваць, трымаючы ўвесь кавалак у руках. Антысексуальна!
Наогул здымкі ежы не патрабуюць, на мой погляд, кулінарных навыкаў. Тут важныя іншыя рэчы -- асвятленне, прыгожы посуд, уменне сервіраваць і веданне законаў фота.
Неяк мне давялося рабіць пастаноўку для здымку ў кніжку пра ежу. Нешта кшталту "Гатуем у гаршэчках". Па нявопытнасці мяса з бульбай у гаршэчку я прыгатавала. Як вынік -- давялося мыць гарачы гаршэчак разам са змесцівам -- пасля духоўкі ён не блішчэў... Пасля давялося падымаць змесціва -- яно размягчэлася і апала. Пасля давялося прыбраць сінія сурвэткі -- зліваліся па тоне з карычневым гаршочкам. На пяшчотным крэмавым фоне гаршэчак выглядаў адной грубай плямай, якая не стасавалася яшчэ і па стылю....
Скончылася тым, што была скарыстаная белая цукарніца, у якую я паклала пажмаканую паперу, зверху якой па-мастацку размясціліся свежапарэзаныя бульбу, моркву і мяса з папярэдняй спробы. Усё гэта было змазана алеем. Каб блішчэла.
Вы б сталі гэта есці? Але такая яна, праўда прыгожых здымкаў.
Ну а пра піва з рэкламы вы ўсе ведаеце -- для здымкаў яго змешваюць з пенай для галення...
Previous post Next post
Up