Не кажы «гоп», пакуль не пераскочыш

Aug 15, 2021 10:15




Пра паляўнічых расказваюць розныя байкі. Штукары яны на выдумкі, што і казаць. Любяць і прылгаць, і памарыць аб сваім паляўнічым шчасці.
Дык вось. Жыў-быў некалі адзін такі паляўнічы. Пайшоў ён у лес, глядзіць - заяц пад кустом спіць. Тоўсты шарак, сыты. Адкарміўся за лета на добрых харчах.
Дастаў узрадаваны паляўнічы капшук з тытунём, напіхае люльку, а сам думае, любуючыся зайцам: «Няхай, небарака, яшчэ паспіць. Ад сну не толькі чалавек, а і заяц тлусцее. Нікуды ад мяне ён цяпер не ўцячэ. Але што ж я з ім зраблю, як застрэлю? Ага! От што зраблю. Мяса пасалю, у дзежку складу, буду есці патрошку, а шкуру - хвацкая шкура! - прадам. Немалыя грошы вазьму! Дзешава не прадам. Буду таргавацца. Так, так. А што за тыя грошы куплю?»
Прыкінуў мужык-паляўнічы і так і гэтак: шмат дзірак у гаспадарцы на тыя грошы.
«Ага! - падумаў ён. - Лепш за ўсё куплю за іх курачку. Яна яек нанясе. Потым пасаджу яе на тыя яйкі ў рэшата, яна куранятак выведзе: пеўнікаў і курачак. Пеўнікаў, як падрастуць, парэжу - зноў мяса будзе, а курачак прадам - зноў грошы будуць. Немалыя грошы! Што я за іх куплю? Ага! Куплю на гэты раз авечку. Яна прывядзе ягнятак: баранчыка і ярачку. Баранчыка, як падрасце, я на мяса зарэжу - от жа наемся цяпер мяса ўдосталь. А ярачку гадаваць буду. Год за годам - і цэлую чараду авечак развяду. Так, так, далібог развяду. Гм… Што ж цяпер з імі рабіць буду?»
Думаў-думаў паляўнічы, так і гэтак меркаваў.
«Ага! - надумаўся нарэшце. - Чараду авечак я таксама прадам. Цэлы мех грошай за іх вазьму. За тыя грошы куплю карабель, нагружу яго лёнам і семем ды паеду за мора гандляваць. Яшчэ больш грошай утаргую. Вярнуся дахаты, куплю маёнтак, стану панам. Зямлю мужыкам у арэнду аддам, немалыя падаткі на іх накладу, а сам буду піць-гуляць ды на слуг пакрыкваць. Прыйдзе каторы з мужыкоў-арандатараў да мяне ў палацы, паклоніцца нізка: „Паночак, будзь ласкаў, пачакай з падаткам за зямлю. Зараз грошай няма. Аддам пасля з дабаўкаю…“
А я вусы падкручу ды як закрычу:- Прэч, мужык, з вачэй! Нясі падатак хутчэй!»
І так моцна крыкнуў шчаслівы паляўнічы, што заяц прахапіўся - ды толькі яго і бачылі.
Недарэмна ж кажуць: «Не здзірай шкуры з незабітага мядзведзя».
Або яшчэ лепш: «Не кажы „гоп“, пакуль не пераскочыш».

беларусь, сказка, мова, казкi

Previous post Next post
Up