Любимый сборник сказок моего детства

Aug 02, 2020 21:46

Самы мудры



У аднаго палкоўніка здох любімы конь. Пабедаваў палкоўнік ды паслаў дзяншчыка шукаць шкурадзёра.

Прыйшоў дзяншчык у вёску. Каго ні пакліча, усе адмаўляюцца.

«Не навучаны, - кажуць, - мы гэтым займацца. Схадзі ты, чалавеча, да панскага цівуна, ён на такія штукі майстар: здзярэ так, што лепш і не трэба».

«Жартуюць, - думае дзяншчык, - які ж гэта цівун згодзіцца з дохлага каня шкуру здзіраць?»

А трэба палкоўніцкі загад выконваць.

Пайшоў дзяншчык да цівуна.

- Хто тут у вас самы мудры? - пытаецца. - Палкоўнік хоча яго ўзнагародзіць.

Пачуў цівун пра ўзнагароду і кажа:

- Ды, здаецца, апрача мяне, нікога няма. Я за ўсіх мудрэйшы.

- Ну, дык хадзем хутчэй, - сказаў дзяншчык і пацягнуў цівуна ў полк.

Прыйшлі да палкоўніка.

- Вось, пан палкоўнік, - кажа дзяншчык, - самага мудрага шкурадзёра знайшоў.

Вылупіў цівун вочы, хацеў нешта сказаць, а палкоўнік нож яму ў рукі:

- Ідзі злупі шкуру з каня! Кругом! Шагам марш! Сагнуўся цівун, прыкусіў язык і пайшоў шкуру здзіраць.

З таго часу ўжо болей не лічыў ён сябе самым мудрым.

источник

беларусь, сказка, мова, книШки

Previous post Next post
Up