А пакуль на журфаку часам разгараюцца дыскусіі пра тое, якой якасці і колькасці яна, сучасная беларуская літаратура, было надзвычай цікава пабываць на прэзентацыі першага арыгінальнага (непадцэнзурнага) выдання «Ладдзі Роспачы» Уладзіміра Караткевіча.
У агульнараспаўсюджаным беларускамоўным варыянце я прачытаў яе зусім нядаўна, акурат да адпаведнага семінара. І, вядома, не думаў, што тэкст да гэтага часу хавае 212 выпраўленняў, якія былі зроблены яшчэ некалькі дзясяткаў год таму. Многія з іх - сэнсавыя. І беспадстаўныя. Падрабязней
тут.
Вось ён, мой любімы фрагмент з твора ў рукапісным варыянце - кульмінацыйны момант ў свядомасці Смерці, а, можа, і ў самім творы:
- І мае два гады... І мае... І мае, - загулі галасы.
Смерць лічыла па пальцах. І, налічыўшы чарговыя дзесяць, клала на стол адну фігурку. І паступова ў яе ўсё больш адвісала сківіца.
- Што вы робіце?! - спытала яна. - Вы, якія больш за ўсё баіцеся мяне, вы далі ім яшчэ па сорак год кожнаму. І гэты ерэтык і блюзнер пражыве на зямлі дзевяноста тры гады, а яна - семдзесят сем!.. Пабойцеся Арахны, людзі!!!
Цікавая праца (для рэдактара дык наогул кантрольная праверка). І па змесце (магчымасць параўнаць праўкі аўтара і рэдактара кажа сама за сябе ў прынцыпе), і па форме - па-журналісцку апетытнай, інтэрактыўнай, як назваў яе аўтар ідэі і аналізу правак журналіст Глеб Лабадзенка. Вось зыходнік: гартай і параўноўвай. І сапраўды незразумела, чаму пры захаваных рукапісах Караткевіча дагэтуль тыражуюцца праўленыя калісьці кімсьці тэксты?..
Сярод завітаўшых на прэзентацыю асабліва прыемна было упершыню пабачыць народнага паэта Беларусі, перакладчыка, ганаровага прафесара БДУ Рыгора Барадуліна, якому і прысвяціў «Ладдзю Роспачы» У. Караткевіч. Перакладчыка на беларускую (у тым ліку Бібліі), выкладчыка былога Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа Васіля Сёмуху, які адзін раз за жыццё пераклаў твор менавіта з беларускай на рускую, і твор гэты - «Ладдзя Роспачы». А таксама паэта і, дарэчы, былога старшыню Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыё Генадзя Бураўкіна.
Цікавыя. І жывыя. Дай Божа.
Не верце спадару Сёмухе. Насамрэч гэта Глеб падказаў. Вучань, ага. :)