Казка ВОЎК І ЗАЯЦ

Dec 30, 2023 16:01


Бег заяц русак праз лясок , як пачуў:

-- Стаяць, заяц, ліха тваёй мацеры! - насуперак зайцу выйшаў на лясную сцежку воўк, з  тамбоўскіх,  люты мацяршыннік і нават крышку людажэр, - куды прэшся, веган скалазубы?

-- Ну, дык, па моркву на грады ў таварыства лысагорскае забег, а там баба з капачом на мяне паперла. Я падумаў, прывяду бабу да воўка, мне морква і капач застануцца. А? Забярэш бабу? - затрапятаўся заяц, як карась ў палонцы.

-- А баба якая? Што, калоцішся, чорт маркоўны?- зацікавіўся воўк.

-- Старая, ледзь жывая, ты яе лёгка на плечы ўскінеш і панясеш у дупло, бярлогу ці логава, куды ты там ўсё сваё цягнеш.

-- Э, навошта мне старая, нясмачная, аб гэтакую адно зубы зломіш! Ты мне маладзенькую, смачную прывядзі! А то цябе, фрыка вушастага, на  фрыкасэ закалбашу!

-- Добра, добра, воўк! Будзе табе заўтра маладзенькая смачная прыгажуня!

На другі дзень зноў злавіў воўк зайца і пытаецца:

-- Ну, заяц, дзе смачная маладзіца, з капачом і моркваю?  Га, веган шалахвосты?

-- Воўк, ты не паверыш, маладзіцы прыгажуні грады не капаюць, адно газоны стрыгуць, а моркву ў гіпермаркетах вырошчваюць, і мяне так задарма накармілі, што ледзь не аб’еўся, але прыгледзеў табе іншую смачняшку.  Дзіцятка малое, пуцаценькае! Хлопчык! А? Я завяду яго на ўскрай лясочка, а там ты і … фрыкасэ  і якая іншая асалода.

-- Ну, заяц хітрадупы, нешта гэта педафіліяй патыхае?

-- Дык, як прыгатуеш, так і дыхаць будзе!

-- Добра, хадзем разам глянем на тое дзіцятка пуцаценькае.



Не сказаў заяц воўку, што бацька хлопчыка смачнага - паляўнічы, і стрэльбу мае з набоем на вялікую дзічыну.

Гэтак, на раз-два, заваліў паляўнічы і ваўка і зайца. Чэрап воўка аддаў таксідэрмісту на мастацкую справу , скуру воўчаю на ўнты  нарэзаў, а зайца на рулет з яйкамі, пад фальшывага зайца закос быў.

Вось такая кароткая гісторыя пра наш лясок. Нікому нельга давяраць, асабліва паляўнічым і бабам з капачамі і моркваю.



2023, казка

Previous post Next post
Up