Казка пра любоў

Jan 11, 2008 19:57

Казка пра любоў

Дзяўчынка моцна любіла Нью-Йорк, завочна, па фільмах, часопісах, кнігах, а жыла пад Баранавічамі ў простым мястэчку, безназоўным селішчы на літару Г. На адзінай цэнтральнай вуліцы мястэчка быў белы касцёл, драўляная царква, дзве крамкі, шкляны шынок, пачатковая школа і аднапаверхавы гарсавет з бетонным помнікам салдату. Помнік кожную вясну местачкоўцы паднаўлялі тлустым слоем алейнай фарбы, і салдат з аўтаматам паступова стаў падобны на святога Мікалая з мехам падарункаў. А дзяўчынка марыла перабрацца за акіян, бліжэй да сваіх ўлюблёных артыстаў, музыкаў, мастакоў, да людзей прыгожых і знакамітых, да меднай постаці Свабоды. Ёй хацелася мець светлае жытло з марскімі краявідамі за вакном, мець працу фотамадэлькі і адначасна фатографа ў ілюстраваным выданні, ці займацца дызайнам ў вэбу ці аздабляць iнтер'еры, хадзіць у цырульню фарбаваць валасы і манікюрыць пазногці, на сняданак забягаць у кавярню за гарачымі круасанамі і свежавыціснутым сокам. Ёй хацелася мець на ганку дома ветлівага мурына кансьержа ў шытай золатам ліўрэі, які выклікае таксоўку і адчыняе браму. Ёй хацелася што дня карыстацца люстранымі хуткаснымі ліфтамі, і круглы год насіць элегантныя басаножкі на высокіх абцасах, танюткую шаўковую бялізну, і нават мець колькі капялюшыкаў з птушынымі пёркамі і карункавым вэлюмам. Пра свае гламурныя мары дзяўчынка не гаварыла бацькам і сяброўкам, а пісала доўгія лісты і распаўсюджвала на хвалях інтэрнэту.
Дзяўчынка па размеркаванню працавала настаўніцай у пачатковай школе, і яшчэ крышку любіла сваіх мурзатых вучняў, яна спадзявалася перадаць ім свае захапленні люстранымі хмарачосамі Манхэтана, акіянічнымі даляглядамі і крэйдаванымі часопісамі. На працу дзяўчынка ездзіла на ровары ў чорных гумовых ботах, а ў класе пераапраналася ў лакіраваныя туфлі на абцасіках і бела-сіні швэдар, пасясты пад заморскі сцяг. Настаўніца прымушала дзяцей вучыць ангельскую мову і сама таемна чытала ангельскія кнігі. Яна любіла містычныя аповеды і гістарычныя сагі пра неверагоднае каханне і пераўтварэнне Папялушкі-свіны-кажушок у царыцу з нябёсаў.
На святы, выпіўшы і асмялелы, да дзяўчынкі звычайна заляцаўся мясцовы міліцыянт Рудзік. Хлопец жартам хапаў дзяўчынку за рукі і тхнуў гарэлкаю і тытунёвым смуродам ў твар, у пошуках пацалункаў. Дзяўчынку калаціла ад гэтай міласці, на руках заставаліся сінія плямы, і яна старалася не выходзіць на вуліцу ў святочныя і выходныя дні, а сэрфінгавала па інтэрнэтных старонках у пошуках выйсця са свайго стану вечнай настаўніцы пачатковай школы.
Уцёкі яна адкладала на заўтра. Адзінае, ў што верыла дзяўчынка, гэта ў светлае шчаслівае ЗАЎТРА.
Аднойчы ноччу ў сне да дзяўчынкі прыйшло Шчасце ў выглядзе яснавокага анёла з белымі крыламі і ружовымі пухлымі ручкамі. Шчасце шэптам падказала, што мусіць дзяўчынка прачнуцца і пайсці да касцёла ці царквы, куды бліжэй, і папрасіць у Маці Божай дапамогі, а Шчасце дапаможа словы яе данесці да літасцівай і ўсе магутнай Маці.
Дзяўчынка прачнулася пасярод ночы, накінула на плечы кароткае паліто і кінулася на ровары да сабору.
Таемныя словы звароту да Маці Божай дзяўчынка ведала ад бабулі і паўтарыла пра сябе колькі разоў, каб не памыліцца:
Ave Maria, gratia plena; Dominus tecum:
benedicta tu in mulieribus, et benedictus
fructus ventris tui, Iesus.
Sancta Maria, Mater Dei, ora pro nobis peccatoribus,
nunc et in hora mortis nostrae. Amen.
Сабор быў замкнёны, але дзяўчынка ведала таемныя маленькія дзверы ў сутарэнні, так яна апынулася перад цудадзейнымі абразамі. Дзяўчынка ціха памалілася і папрасіла дапамогі ў сваіх уцёках з селішча Г.
--Падымі нагу да патыліцы і ўсё тваё спраўдзіцца! - пачула дзяўчынка камандны голас.
Яна паспрабавала выканаць загад, але калі яе нага паднялася ў гору, яна пачула п’яны рогат міліцыянта Рудзіка.
--Бу-га-га-га!
Дзяўчынку ахапіў халодны жах, яна кінулася бегчы, мары яе рассыпаліся ў пыл. Яна імгненна паднялася на званіцу і скочыла ў ніз на брукаваны саборны пляц.
Раніцай міліцыят Рудзік склаў пратакол, у якім патлумачыў самагубства дзяўчыны няшчасным каханнем да невядомага чалавека і памыліўся толькі ў тым, што на сам рэч яна любіла Нью-Йорк.
А яе ровар застаўся іржавець ля сабора.


казка

Previous post Next post
Up