Dec 24, 2007 16:21
Руская калядная казка
Накрылі дзед з бабаю калядны стол, белымі сурвэткамі ўпрыгожылі, сабраліся сесці святкаваць у двух, але дзед зачыніўся ў прыбіральні, дастаў прыхаваную пляшку гарэлкі і выпіў, па сталай звычцы, сам на сам. Так яму смачней заходзіць. Сеў дзед за стол ужо на падпітку, хісткі і злы, а баба пачала сварыцца, енчыць, што ён за свалата такая, нават на свята па-людску выпіць ня можа. Хацеў ўжо дзед, зноў жа па звычцы, ляпнуць бабе на носе, як у дзверы злосна загрукалі нечым цяжкім і цвердым.
На калідоры дзед убачыў калядоўшчыка у мядзьведжым кажуху з драўлянаю зоркаю у руцэ.
-- Аддай дзед Каляду, бо я бабу павяду... - пачаў калядоўшчык, а дзед узрадавана ў адказ:
-- Забірай бабу, забірай яе старую! Вось табе яна!
Дзед забег у пакой схапіў жонку і ў карак вытаўкнуў у калідор да калядоўшчыка. Сеў, закурыў, і калі за дзвярыма сціх жаночы плач, адчуў неварагодную палегку і святочнаю радасць. Яму ўяўлялася, што цяперака можна курыць па ўсім доме і піць што дня, і не ў прыбіральні, а ў ложку і на канапе. На гэтай думцы дзед зноў зачыніўся ў прыбіральні і выпіў седзячы на накрыўцы унітаза. Так яму лягчэй заходзіць, звыкся і добра. За наступнай бутэлькай дзеду давялося лезці на антрэсолі, тут нага саслізнула з вадаправоднай трубы і дзед заваліўся за унітаз, падвярнуўшы каленны суглоб. Ён спрабаваў падняцца, ды самому, са скалечаным суглобам, яму ўжо было не зварухнуцца не прыўзняцца. Так і заснуў у прыбіральні, як было не раз, па звычцы. Перад сном, дзеду, раптам згадалася, што баба была ў зімовых ботах і ў футры, калі ён яе выкідаў з кватэры. Відаць, была падрыхтаваная да такой прыгоды, і калядоўшчык падобны да яе знаёмцы, валацугі з суседняга дому. Хто ж цяпер калядуе? Кожны другі старую бабу аддасць. Дзед уявіў, як падлечыцца, заб’е абодвух, жорстка і рашуча, кіне піць, ажэніцца на маладзенькай дзяўчынцы.
-- Мне ж толькі сорак пяць гадоў, я яшчэ не стары, хоць і дзед.
Прачнуўся дзед у ложку, баба гатавала сняданак, а калі папрасіла схадзіць у краму па гарэлку на свята, дзед абмацаў калена, суглоб пабольваў, але нага згіналася і рухалася.
-- Не пайду, нага баліць, а гарэлка ў мяне прыхаваная ёсць.
Дзед падхапіўся, зачыніўся ў прыбіральні і смачна віпіў сам на сам, з самага ранку, каб упасці на падлогу і выспацца чалавечым сном.
казка