Of Music & Creativity: The Paradigm Shift Review.

Oct 11, 2013 01:41

На гэтм тыдні свет дачакаўся афіцыйнага рэлізу 11-га альбома гурта KoЯn "The Paradigm Shift". Ура! Ура! Ура! Канешне, вялікая колькасць фанаў, прынамсі з пост-савецкай прасторы, дарвалася да яго крыху раней і паспела панапісваць мноства рэцэнзій, але я вырашыла таксама падзяліцца сваімі думкамі.

Думка першая: не чытайце каментары ў расейскіх суполках!
Я ўжо пісала, што вельмі чакала выхаду гэтага альбома. З усімі тызерамі, кліпамі, інтэрв'ю і, вядома, вяртаннем Хэда гэта было натуральна. Хацелася знайсці кожную цікавую інфармацю, адчуць пазітыўны драйв, у якім зараз знаходзіцца гурт. З гэтае прычыны я вырашыла праглядаць суполкі фан-клубаў, у тым ліку зазірнула на расейскія сайты... Такіх холівараў я даўно не бачыла! Я яшчэ наракала на беларускае грамадства, якое нудзіць і знаходзіць, да чаго прычапіцца. Але тут быў яўна перабор. Каб пад кожным пастом фанаты гурта абражалі адзін аднаго, удельнікаў, альбомы! Ужо не кажу, пра тое, як рэагавалі на людзей, якія чакалі сваіх афіцыйнх копій дыска, а не пампавалі злітую версію. Адкуль столькі сабачання пад выглядам любові да музыкі?

Думка другая: пірацтва - гэта непрыемна.
Я не буду хлусіць, трошкі павагаўшыся, таксама спампавала альбом. Я люблю дыскі, але ў нас спадзявацца на тое, што знойдзеш сапраўдную ліцэнзію, - гэта як спадзявацца на ўключэнне ацяплення ў верасні. Амазон для мяне таксама не быў варянтам. Таму так, спампавала. Далучылася да вышэйзгаданых фанаў. Паскудненька. Цяпер чакаю на канцэрт, калі ён буде, каб выправіцца =)

Думка трэцяя: музыкам нельга адмаўляць у крэатыўнасці!
Мой музычны густ трымаецца па вялікім рахунку на трох кітах - Led Zeppelin, Metallica і KoЯn. Я люблю бязмежна яшчэ некалькі іншых гуртоў, але гэтых монстраў я магу слухаць заўжды! І ведаеце, я зразумела, што так вылучае іх - крэатыўнасць і смеласць мяняцца, спрабаваць, здзіўляць. Так Led Zeppelin мае ў сваім арсенале блюзавыя рэчы, класічны хэві-мэтал, акустычныя рок балады і нават рэггі. Metallica, пачаўшы з шалёнага трэшу, асмелілася выпусціць Load & Reload з блюзавымі, пост-грандж і хэві-мэтал матывамі. Я ўжо не кажу пра іх альбом "St.Anger" і сумесны праект з сімфанічным аркестрам. Гэта было нова, гэта было рашуча, гэта было цікава. У KoЯn тая ж гісторыя. Можна захапляцца першымі альбомамі піянераў ню-метала, можна любіць іх індустрыяльныя спробы, можна з павагай глядзець на тое, куды яны вывелі дабстэп! А можна паспрабаваць успрыняць іх творчасць як нешта цэлае і жывое. Усё, што яны робяць, - гэта адлюстравання іх пачуццяў, густаў, вопыту і цяперашняй сітуацыі. Чаму ж прыхільнікі так востра рэагуюць на любыя змены жанру?
Уявіце, напрыклад, аналагічную рэакцыю на творы мастакоў. Гэта нібы падыйсці да Ван Гога і сказаць: "Чувак, што ты робіш? Супакойся, твая фішка - сланечнікі!" І не было б ні "Зорнай ночы", ні аўтапартрэтаў, ні пейзажаў. Малевіч штампаваў бы чорныя квадраты, Манэ - ліліі, Далі - гадзіннікі,... Сумна? Мне - так! Чаму ж у сучаснай музычнай прасторы на гэта не зважаюць? Ніхто не перашкаджае вам слухаць old school albums, але і вы не адразайце крылы музыкам. Тым больш сваім любімым выканаўцам!

Думка чацвёртая: каму наогул патрэбна твая ацэнка?
Ці ёсць сэнс у стаўленні пэўнай колькасці зорачак? Ці важна будзе гэта 10 з 10 ці 9? Наколькі гэта крута, зрабіць выгляд вопытнага крытыка, скрывіць нос і паведаміць усёй інтэрнэт-пустошы: так, пацаны ўжо, канешне, не тыя? Дзякуй, кэп! Без цябе б мы не здагадаліся, што час ідзе наперад і ўсё наўкол змяняецца. Таму, кажучы пра "The Paradigm Shift", я паспрабую пазбегнуць шкал і параўнанняў. Галоўнае ж не гэта. Галоўнае - зачапіла цябе ці не?
Мяне зачапіла. Дзесці ў шматслойнасці альбому, знайшлося нешта блізкае, нешта знаёмае з дзяцінства, але праспяванае на новы лад. Пры гэтым, гэты "родны матыў" працягнуты праз кожную кампазіцыю. Немагчыма вызначыць адзіны любімы трэк - ён мяняецца штодня. Сапраўды, the paradigm shift =)
Нельга не зазначыць яшчэ цэласнасць і даросласць альбому. Бадай, тут KoЯn дасягнулі свайго самага поўнага і смакавітага гуку. Праўда, у гэтым жа самым гуку можа ляжаць і пэўны мінус альбома. Узнікае настальгія па былой прасторы і простасці. Толькі без панікі, качовы грув нікуды не знік! Мой прагноз: сапраўдны цуд гэты альбом зробіць на live shows. Застаецца толькі чакаць магчымасці гэта спраўдзіць =)

genius, music, life

Previous post Next post
Up