Італьянскія вакацыі 2015

Aug 12, 2015 15:26

Планы на гэтае лета былі простыя і зразумелыя. Польшча. І ніякай табе Італіі. Бо дорага.

Італія жыла сваім жыцьцём, зрэдку прыходзячы на нас у выгляде сноў і лістоў з Трапані. Было нешта такое незразумела чароўнае ў гэтых снах, што аднойчы я не вытрымала. І зайшла на skyscanner.net.

Забіла горад вылету - Бергама, даты… І ўбачыла квіткі на самалёт па 18 еўра.  Мір, канечне, не рухнуў. Але спакой мой быў парушаны.
Наступным крокам стаў сайт прагноза надвор’я. Цёплага лета нам Польшча не абяцала.

Спакою не стала зусім.

Я доўга хадзіла, прыкідваючы тое і сёе, а потым проста села і набыла квіткі на самалёт. Не за 18, за 25 еўра. Бо не з Варшавы, а з Гданьска. Вырашыла, сумясьціць Польскую балтыку і Італію. Парытэт J

Пра Балтыку будзе асобны расповед.

… Дабірацца да аэрапорта ў Гданьску вельмі проста. Аўтобусам № 210 з чыгуначнага вакзала. Ехаць недзе паўгадзіны. Ля аэрапорта будуецца чыгуначная станцыя. Напэўна, хутка туды можна будзе камфортна і проста дабрацца на электрычке.
Сам аэрапорт невялікі і інтуітыўна зразумелы. Гэтым разам мы вырашылі ляцець авіякампаніяй Wizzair і на асабістым вопыце даказаць, што вандраваць можна толькі з невялікімі заплечнікамі. Наш багаж ўпісаўся ў рамкі малой ручной кладдзі J

Кошты на каву адбілі ўсялякае жаданьне частавацца ёй ў аэрапорце. А шкада. Ну дый не кавай адзінай… Ляцім жа  ў Італію, будзе мне там кава.

… Рэгістрацыя, сек’юрыты-кантроль, сёрфінг па інтэрнеце з бясплатным wi-fi, пасадка, узлятаем…



І праз дзьве гадзіны мы спускаемся ў гарачы італьнскі вечар. То лі ад сьпёкі, то лі ад нейкіх сваіх асабістых пачуцьцяў у горле нешта сьціскаецца. Si, Italia!
Пакуль не зусім сьцямнела, сьпяшаемся знайсьці свае апартаменты на заблытаных вулачках Бергама. І спаць, хутчэй спаць. Каб заўтра…

Каб заўтра прачнуцца, выбрацца  ўгорад, знайсьці кавярню, выпіць доўгачаканай кавы з круасанам, зайсьці на вакзал і набыць білеты да маленькага гарадка Мароне.
Тут трэба крышачку адгарнуць назад і ўзгадаць, што ў 2013 годзе мы завіталі на возера Ізеа (Iseo). Сказаць, што нам спадабалася, гэта нічога не сказаць. Мілае ўтульнае возера засталося ў нашых сэрцах адным з самых прыемных ўспамінаў. Lago di Iseo - самае маленькае з чатырох «вялікіх» азёр Ламбардыі. Лічыцца, што яно самае «італьянскае» зь іх, паколькі прыязджаюць і адпачываюць на ім у асноўным італьянцы. Месьціцца яно паміж правінцыямі Бергама і Брэшыа. Тая частка возера, на якой мы былі ў 2013, годзе належыць да правінцыі Бергама. І таму ў гэты раз было вырашана даведацца, а як справы абстаяць ў правінцыі Брэшыа? І мы выпраўляемся ў Мароне(Marone).

Выбар быў выпадковым. Не апошнюю ролю сыграла, канечне тое, дзе мы змаглі знайсьці жыльлё. Сам гарадок Мароне маленечкі-маленечкі. Муніцыпалітэт -  чыгунка - прыстань  - царква - магазін -  аптэка… Але віды і магчымасьці для далейшых вылазак ён дорыць выдатныя))))

Дабірацца з Бергама досыць проста. Электрычкай да Брэшыі і адтуль ізноў электрычкай да станцыі Marone-Zone. На ўсё пра ўсё недзе дзьве гадзіны. Квіткі (адзіныя на ўвесь шлях) набывалі ў касе непасрэдна перад адпраўленьнем. Не забываемся, што перад пасадкай іх трэба правалідзіраваць ў сьпецыяльных жоўтых “кампосьцерах”.



Прыехалі.
Першае, што зрабілі мае дзеці, калі  мы атрымалі ключы ад пакою, - пайшлі купацца. Наш B&B стаяў на самым беразе мора і меў прыватную “пляжную” зону (спуск да возера). Скідваю абутак, асьцярожненька па камянях заходжу ў ваду… Якая ж яна цёплая! І празрыстая!...



Наўпрост насупраць  - востраў Isola di Loreto, пра які ходзяць чуткі, што нібыта сам  Джорж Клуні хацеў набыць яго ў асабістую маёмасьць J Вядома яшчэ, што на востраве напрыканцы V стагоддзя быў пабудаваны манастыр, які праіснаваў некалькі стагоддзяў і потым быў закінуты. У пачатку XX стагоддзя востраў перайшоў ва ўласнасць капітана Каралеўскага флота Вінчэнца Річ’еры, які пабудаваў на месцы маляўнічых руін кляштара замак у неагатычным стылі з невялікімі маякамі. А вакол замка па загадзе Вінчэнца быў разбіты парк. І вось уся гэтая прыгажосьць вітала нас штораз, як мы падыходзілі да возера!



Як я ўжо казала, Мароне дае выдатную магчымасьць для далейшых  даследваньняў возера. На наступны дзень мы вырашылі выправіцца на велапакатушкі J
Вось едзеш ўздоўж возера на ровары, ўдыхаеш увесь гэты хвойна-мажжавелавы пах і адчуваеш, што жыцьцё - выдатная штука.
Першым праязджаем гарадок Sale Marasino. Ён ляжыць на самым беразе возера, спакой  і навакольныя пейзажы робяць Sale Marasino прывабным мястэчкам.



Але мы толькі круцім галовамі і едзем далей - у Sulzano.



І вось тут ў гульню уступае Monte Isola…
Перад вандроўкай я, канечне, чытала, што гэта самы вялікі і самы высокі азёрны заселены востраў у Еўропе. Але… прачытала і амаль забылася… А тут… А тут я ўбачыла на супрацьлеглым беразе домікі Peschiera Maraglio і прапала. Мне абавязкова трэба было туды патрапіць!



Peschiera Maraglio - гэта маленькі гарадок на востраве Monte Isola. Ён з’яўляецца галоўным транспартным вузлом вострава. Вузкія завулкі, якія злучаюцца аркамі і прыступкамі і заўсёды выходзяць да возера, дамы, ўпрыгожаныя кветкамі, вулічныя рэстарацыі, - усё гэта надае гэтаму мястэчку непаўторны шарм. Вулачкі я, канечне, разгледзела не зараз, а на наступны дзень. Таму што плыць на востраў на кацеры разам з роварамі аказалася досыць небюджэтна.

Адпачнуўшы ў Sulzano, вяртаемся ў Marone. Крышачку пераязджаем за яго, праязджаем праз тунэль і апыняемся ў вёсцы Velo. Проста маленькая вёска, чароўная, як ўсе маленькія мястэчкі ля возера)))





Ну а на наступны дзень мы ідзем на прыстань свайго гарадка і плывём у Peschiera Maraglio. Здаецца, што час тут проста прыпыняецца. Усё спакойна, нясьпешна… Тут нельга карыстацца аўтамабілем( вельмі абмежаванаму колу кшталту паліцыі і т.п. можна), можна ўзяць напракат ровар ці скутэр. Вось тут я і трапіла ў палон гэтых вулачак. Збочваеш ў адну з арак, падымаешся, трапляеш у наступную арку, уздымаешся яшчэ вышэй…









Галоўнай славутасьцю ўсяго вострава Monte Isola з’яўляюцца сярэднявечны замак-крэпасьць Oldofredi, які цяпер з'яўляецца прыватнай уласнасцю, і капліца Мадонна дэла Черыола. Але знаходзяцца яны на вышыні гары і дабірацца да іх нам падалося праблематычным.

Ну а потым ізноў прыстань, кацер - на гэты раз да Sulzano, чычуначная станцыя, электрычка - і дадому ў Мароне.

Памятаеце, я казала, што ў 2013 годзе мы ўжо былі на гэтым возеры? Дык вось, не вярнуцца ў Сарніка хоць на дзень я не магла. Сарніка (Sarnico) - гэта мая любоў… Тая, што з першага погляда.  Вось і цяпер мы плылі ў Сарніка з Мароне на кацеры...







У маім сэрцы нешта радасна грукатала, прадчуваючы хуткую сустрэчу.  Гэта ўжо другі раз, калі Італія вучыць мяне, што вяртацца, гэта так жа класна, як і адкрываць нешта новае. Я глядзела на абрысы знаёмых будынкаў і мне было так хораша…
Шчасьце было б няпоўным, калі б мы выбралі нейкае іншае жыльлё ў Сарніка. Але мне пашчасьціла, у маім любімым B&B знайшоўся вольны нумар J
Ооо… гэта цудоўны B&B. Вось ёсьць месцы, дзе хочацца знаходзіцца і куды жадаеш вярнуцца. Калі што, зьвяртайцеся, скажу заветную назву J





І вось мы ізноў праходзім міма таямнічай вілы (Ніколі не забуду, як у мінулы раз мы зазірнулі адным вокам за яе плот і былі запрошаныя выпіць кока-колы з гаспадаром - мужчынам сталога веку. І кока-кола была нібыта госьцей з мінулага - у шкляной бутэльцы а-ля 60-е.)...



Выходзім да драўлянага пірса, вітаемся з лебедзямі і качкамі… Трапляем ў лавандавы закуток, ізноў чуем перазвон званоў у Сарніка і Параціка, аддаем даніну дзіцячай пляцоўцы, блукаем па вузенькіх вулачках…







Трапляем на дэгустацыю і вулічны канцэрт. І Зося ізноў, як два гады таму, танчыць на той жа самай плошчы…



Si, Italia… Mio amore…

Італія, вандроўкi, marone, азёры., Мароне, sarnico, Сарніка, iseo, Ізеа

Previous post Next post
Up