Плошча Леніна

Dec 27, 2010 03:40

Пасьля таго
як Леніна выставілі за дзьверы
за яго сьпінай
пачалі вяршыцца ўсе галоўныя дзяржаўныя справы:
безь яго ўдзелу прымалі законы
і кантралявалі іх выкананьне
таемна ад яго падлічвалі галасы
і выбіралі сабе галоўнага.

...У той дзень
за сьпінай у Леніна
здарылася страшнае:
скрадзеныя галасы
патанулі
ў звоне разьбітага шкла
а тыя, хто прыйшоў вярнуць свой голас назад
патанулі ў крыві разьбітых галоваў...

На наступны дзень
Леніну сказалі
што гэта прыходзілі ворагі
якія хацелі нанесьці яму ўдар
у сьпіну
і Ленін паверыў
Ленін зноў змаўчаў і паверыў
і ўсім
усім
хто не пакідаў надзеі да яго дакрычацца 
і расказаць яму ўсю праўду
нарэшце стала бачна
што ён проста помнік
і яму па вызначэньні
немагчыма
азірнуцца

салідарнасьць, амбразура

Previous post Next post
Up