Палімпсэст

Apr 09, 2012 19:46

Вось гэта сцэна.

Наш мабільны атрад Помста аператыўна скаціўся па прыступках на вуліцу.
- Шмат было грошай, - спытаў Руды.
- Дваццаць пяць рублёў - усё што меў, - адказаў пацярпелы.
- Колькі іх было чалавек?
- Былі ўтрох, прынамсі трох я бачыў.


Мы ўсе пабеглі ў той бок, дзе адбылося здарэньне. Мінуўшы пару кварталаў, Толік паказаў на нейкую падваротню - тут. Мяне і Чука пакінулі на вуліцы на выпадак, калі злачынцы выскачаць з падваротні, а астатнія рынуліся прачосваць тэрыторыю. З Чукам я адчуваў сябе больш менш упэўнена. Гэты аматар штангі і вольнай барацьбы мог, калі што, даць ворагу дзейсны адпор. Ужо было праверана.

- Гэты Толік увесь час некуды ўліпне, трэба было яго прывязаць да ложка, - ці то жартуючы, ці то на поўным сур’ёзе сказаў Чук.
- Гвалт - гэта не гуманна, - я пачаў абараняць пацярпелага. - Затое ён мае вясёлае жыццё.
- Вясёлае, канешне, застаўся бяз грошай і зараз будзе нас даіць, - Чук пачынаў дундзець у сваім стылі.

З боку падваротні пачуліся нейкія крокі. Маё сэрца забілася з удвоенай амплітудай.
З цемры выйшла дзяўчына. Яна была адна. Восеньская слота толькі ўпрыгожвала яе. Надавала незнаёмцы нейкай кіношнай рамантычнасьці. Дзяўчына была апранула ў стыльнае паліто. Шыю какетлева ахопліваў шматкаляровы шалік. Калі сказаць, што яна была прыгожай - значыць, нічога не сказаць.

Дзяўчына падыйшла да мяне і такім незямным голасам німфы прамовіла:
- Малады чалавек, а вы не маглі б мне дапамагчы?
Прамовіла, нібыта на вакзале папрасіла паднесьці ёмкую валізу.
Я разгубіўся. А ў Чука акругліліся вочы.
- За вамі, лэдзі, гоніцца банда рабаўнікоў? - я паспрабаваў узяць сябе ў рукі.
- Ды не, - яна гучна засьмяялася, як жанчына з “Брыльянтавай рукі”, якая паабяцала Нікуліну паказаць халат з патрэбнымі гузікамі.
- А вы ўжо напужаліся, - яна перастала сьмяяцца.
- Нічога я не напужаўся. Ведаеце, я жыву ў такім раёне, што нічога не баюся, - я спрабаваў неяк выйсьці сухім з гэтай сітуацыі.
- На Электрасіле.
- Не, яшчэ горш. Але вам, лэдзі, лепш пра гэта ня ведаць.

раман, літаратура, кнігі

Previous post Next post
Up