Вясёлыя гісторыі нашага невясёлага жыцьця

Oct 26, 2006 15:15

Гэта было ўвосень 2001 году. Сяргей Жадан запрасіў мяне на літаратурны фэстываль "Паэзія №1" у Харкаў і папрасіў прывезьці двух вядомых (модных) паэтаў і вядомы рок-гурт. З сабой я ўзяў Славаміра Адамовіча, Андрэя Хадановіча і гурт "Зэт". Дэлегацыя атрымалася вельмі прыстойная. Нас на адпаведным узроўні сустрэлі і пасялілі ў лепшы харкаўскі гатэль.
Усё прайшло добра: чыталі вершы, "Зэт" даў канцэрт (у іх як раз выйшаў першы альбом). Мерапрыемствы завершыліся без непатрэбных прыгод (я меў перасьцярогу ў асобе Славаміра, але паэт паводзіў прыстойна: хадзіў у франтаватым капялюшы і плашчы, быў нейкі надзіва сур'ёзны).

Стомленыя, з добрым настроем мы вярталіся дахаты. У адным купэ - паэты, у другім - гурт. Ясная справа, музыкі павінны былі расслабіцца. Іх ініцыятыву падтрымаў Славамір. У купэ "Зэта" пачалася падрыхтоўка. Мы з Андрэем браць удзел у сьвяце вяртаньня на радзіму адмовіліся. Пасьцяліліся на ніжных паліцах: гутарылі, гарталі падораныя ўкраінцамі кнігі і часопісы. Неяк сьвята па суседзтву доўжылася нядоўга. Рассоўваюцца дзьверы - уваходзіць Славамір. І тут пачаўся тэатар. Славамір запатрабаваў, каб Андрэй найхутчэй перабраўся на верхнюю паліцу і вызваліў месца больш вядомаму паэту і больш сталаму чалавеку. Ясна, Андрэй тое нахабства ўспрыняў у штыкі. Пачалася перапалка і высьвятленьне: хто больш таленавіты паэт. Славамір, каб стала больш зразумела, перайшоў на феню. Тут Андрэй "дрогнуў", працягваючы тлумачыць, што думае пра Славаміра, пачаў перабірацца наверх.

Раніцай у Менску паэты развіталіся халодна. Праўда, ужо без абраз і адкрытай варожасьці. Пераканаць адзін аднаго, відавочна, ім не ўдалося, кожны застаўся пры сваёй думцы.
http://gw.lingvo.minsk.by/nn/2001/20/09.htm

літаратура, прыгоды, паэты, Хадановіч, Славамір Адамовіч

Previous post Next post
Up