Ну што, пачынаем паціху друкаваць мой найноўшы раман "Захоп марсіянамі Беларусі". Для першага знаёмства.
З боку Запалоцьця, непадалёку ад вусьця Палаты, прычаленым да дзьвінскага берагу, стаяў дракар. Тут досыць нізкі бераг, крыху топкі, бо шчодра б’юць крыніцы, таму дракар, які, відаць, на хуткасьці ўехаў у бераг, ці не напалову корпуса аказаўся сярод берагавога аеру. Гэта дазваляла амаль па сухому трапіць на карабель. Затое каб адчаліць, спатрэбіліся б цягліцы ці ня тузіна мужчын, бо саштурхнуць дракар на ваду цяпер было ня так проста.
Побач з дракарам нікога не было. У такую раніцу хіба што рыбака можна сустрэць у гэтай ціхамірнай мясьціне. Ці быў хто на самім дракары Крокву не было відаць, бо, па-першае, ён бачыў дракар з боку, а чалавек мог проста сядзець на днішчы, або ляжаць, а па-другое, ветразь карабля быў спушчаны не да канца, таму за ветразем мог таксама нехта знаходзіцца.
Спачатку Васіль падумаў, што гэта чарговая вандроўка скандынаваў, якія любілі займацца рэканструкцыяй часоў вікінгаў. Пра адну з такіх вандровак ён неяк рабіў рэпартаж. Але чым бліжэй падыходзіў да карабля, тым мацней у яго ўзьнікала пачуцьцё, што гэта сапраўдны дракар. Што значыць “сапраўдны”, наўрад ці ён мог патлумачыць. Але што гэта не сучасная падробка, Кроква быў абсалютна ўпэўнены.
Драўляны Одзін на носе дракара быў такім архаічным і праўдзівым, што Кроква нават улякнуўся. Хвілінаў пяць ён прастаў насупраць Одзіна, баючыся яго абмінуць і ступіць на карабель. І тут пачуў голас:
- Ну, сьмялей, чакаю цябе ўжо колькі гадзін.
За ветразем устаў чалавек. І Кроква імгненна яго пазнаў. Гэта быў Ластоўскі.
Кроква асьцярожна ўскараскаўся на борт дракара. На днішчы ляжалі вёслы і скураныя торбы, наладавыя нейкім майном. Асьцярожна пераступаючы праз усё гэта, Кроква пасунуўся ў бок Ластоўскага. Той ужо сядзеў на лаве для весьляра і глядзеў у бок Замкавай гары. Кроква наблізіўся да яго і сеў побач. Нейкі час яны маўчалі. Як доўга, Кроква пазьней ня мог згадаць. Але ён выдатна памятаў, што першым парушыў маўчаньне Ластоўскі. І зноў, як і мінулым разам, ён не варушыў вуснамі.
- Як думаеш, ці наведваў гэты дракар Бізантыю?
Пытаньне Крокве падалося ня тое што дзіўным, але бессэнсоўным. Якая розьніца, наведваў ці не наведваў гэты дракар Бізантыю.
- Магчыма, і наведваў? Але якое гэта мае значэньне?
- Гэта можа быць доказам таго, што сапраўды існаваў шлях “з варагаў у грэкі”.
Ага, падумаў Кроква, значыць Ластоўскі тут як гісторык і дасьледчык, як аўтар “Кароткай гісторыі Беларусі”. Гэтая думка неяк разьняволіла Крокву, бо ён ужо пачаў гадаць, што за мэта гэтай чарговай сустрэчы.
Ластоўскі працягваў:
- Гэты дракар не пасьпеў на дапамогу Рагвалоду і цяпер ён непрытульны, як Лятучы Галяндзец. Чуў легенду пра Лятучага Галяндца?
- Канешне, кожнае дзіця ведае гэтую легенду, - адказаў Кроква Ластоўскаму, як вучань настаўніку.
- Усё было б інакш, калі б гэты дракар пасьпеў у час. Уся беларуская гісторыя пайшла б іншым шляхам. Вельмі небясьпечна ў лёсаносны пэрыяд не пасьпець у час.
- А дзе каманда гэтага дракара? Бо, напэўна, не дракар вінаваты, а каманда, - нерашуча спытаў Кроква, бо, наколькі ён ведаў, у Лятучага Галяндца былі і капітан, і каманда. Бо што такое карабель без каманды - проста чарупіна сярод хваляў.
- Каманда зьяўляецца адразу, як толькі ўздымаецца ветразь, - Ластоўскі павярнуў галаву ў бок мачты карабля і дакрануўся рукой да ветразя. - Маеш рацыю, вінавата каманда, а не дракар. Але людзі могуць памыляцца і рабіць кепскія ўчынкі, а дракар ня мае права памыляцца. Дракар - гэта пасланьнік лёсу. Ёсьць у сьвеце больш сур’ёзныя і важныя рэчы, чым людзі і іх жаданьні, пляны і справы.
Кроква сіліўся зразумець, што гаворыць Ластоўскі, але ў яго гэта не атрымлівалася.
- Але людзі несьмяротныя, яны толькі мяняюць абалонку, - нечакана для самога сябе сказаў Кроква.
Ластоўскі ўважліва паглядзеў на Крокву. Затым павярнуў свой твар у бок Сафійскага сабору і спытаў:
- Бачыш, на крыжы Сафіі сядзіць крумкач? Гэта птушка, або чалавек?
Кроква паглядзеў ў бок Сафіі і ўбачыў на крыжы званіцы чорную кропку.
- Канешне, птушка, - упэўнена сказаў Кроква.
- Але гэта таксама абалонка. Разумееш? Усё, што ты бачыш навокал - гэта абалонкі. Чалавек ня можа сам абраць сабе тое, што заманіцца. Гэта вырашае дракар. Дакладней, той дракар, да каманды якога ён прыпісаны. Калі твой дракар спазьняецца, ты апынесься на Лятучым Галяндцы. І тады як бы ты не хацеў, твой лёс губляе мэту, тады дракар проста перасоўваецца ў прасторы - бязмэтна і бяз порту прыпіскі.
Кроква адчуў, як пад ім заварушыўся карабель, як нешта жывое.
- Нам пара пакінуць гэты дракар-прывід. - Ластоўскі ўстаў і пачаў прабірацца на запалоцкі бераг. Кроква пасунуўся сьледам.
Калі яны абодва сышлі на зямлю, на дракары рэзкім рухам узьняўся ветразь і карабель рыўкамі пачаў ссоўвацца на ваду. На вадзе карабель ашчацініўся вёсламі і досыць імкліва пайшоў супраць плыні.
Крокву хацелася задаць Ластоўскаму апошняе пытаньне, каб неяк праясьніць для сябе пачутае. Ён ня вытрымаў і запытаўся:
- А мэта якая? Якая мэта?
- Не даць марсіянам захапіць Беларусь. - Пачуў Кроква ў адказ, але самога Ластоўскага ўжо ня ўбачыў.