Пра кнігу “ТВЛ у люстэрку пэрыядычнага друку”

Dec 10, 2013 20:02

Гэтая кніга выйшла ў Полацку невялічкім накладам. Яна выконвае хутчэй архіўную ролю, бо аб’яднала асноўныя публікацыі пра літаратурную суполку з года яе заснавання - 1993-га , да года выхаду кнігі - 1999-га.

Увесь матэрыял у кнізе разьбіты на пяць асноўных разьдзелаў: “Пачатак”, дзе сабраныя матэрыялы пра ўстаноўчы сход ТВЛ; “Канфэрэнцыі, выступы, акцыі”, “Выдавецкая дзейнасьць”, “Літаратурная дзейнасьць” і “Заявы ТВЛ”. Напрыканцы кнігі зьмешчана падробная бібліяграфія публікацый пра ТВЛ і публікацый сяброў ТВЛ.

Аналізуючы публікацыі пра ТВЛ, можна зрабіць выснову, што ў 90-х гадах пра суполку пісаў пераважна рэгіянальны друк Наваполацка, Віцебска і Гародні. То бок, друк тых рэгіёнаў, дзе суполка актыўна дзейнічала, дзе жылі асноўныя, самыя актыўныя, сябры таварыства. Але і сталічны друк не абмінаў сваёй увагай суполку - перыядычна пра яе з’яўляліся матэрыялы ў газэтах “Культура”, “Наша Ніва”, “Звязда”.

Пачынаецца кніга тэкстам заявы, якая была прынятая на ўстаноўчым сходзе ТВЛ 8 траўня 1993 года. Ужо 14 траўня заяву надрукаваў тыднёвік “Літаратура і Мастацтва” з прыхільным каментаром Юрася Залоскі. Далей у кнізе друкуюцца артыкулы і інтэрвію сяброў ТВЛ, у якіх тлумачыцца, дзеля чаго была заснавана літаратурная суполка. З вялікім артыкулам у “Звяздзе” выступіў Алесь Касьцень, удзельнік устаноўчага сходу. Назва артыкула гаворыць сама за сябе: “Мы хочам быць самастойнымі”, альбо Ці патрэбна Саюзу пісьменнікаў альтэрнатыва”. Рэгіянальны друк друкуе інтэрв’ю з Ігарам Сідаруком і Юрыем Гуменюком, у якіх гэтыя актыўныя тэвээлаўцы тлумачаць патрэбу ў незалежнай літаратурнай суполцы.

Далей кніга адлюстроўвае дзейнасьць ТВЛ - тут змешчаны артыкулы пра асобныя мерапрыемствы суполкі - канфэрэнцыі, прэзентацыі, вечарыны і нават мастацкія выставы, а таксама рэцэнзіі на кнігі, якія выдалі тэвээлаўцы, і рэпартажы з уручэнняў літаратурнай прэміі ТВЛ “Гліняны Вялес”.

Цікавым будзе для дасьледчыкаў літаратуры і заключны разьдзел кнігі, у якім надрукаваны розныя заявы, пераважна палітычнага характару. У 1994 годзе ТВЛ прыняла заяву, у сувязі з палітычнымі падзеямі ў краіне, калі быў адхілены ад пасады Старшыні Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч. У гэтым жа годзе ТВЛ прымае заяву ў падтрымку закрытай радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная” і заяву з нагоды першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. А ў 1996 годзе ў “Нашай Ніве” была надрукавана заява ў абарону сябра ТВЛ Славаміра Адамовіча, які трапіў у турму за верш.

У сьвятле сёлетняга 20-гаддзя Таварыства Вольных Літаратараў гэтая кніга выглядае як збор дакументаў беларускай гісторыі канца ХХ стагоддзя. Дакладней, гісторыі невялікай літаратурнай суполкі, якая вырашыла стаць вольнай.

літаратура, запісы, кнігі, гісторыя, Гумянюк, Сідарук, ТВЛ

Previous post Next post
Up