Літаратурныя былі

Nov 17, 2013 17:59

Рукапіс сваёй першай паэтычнай кнігі я здаваў Яўгеніі Янішчыц у рэдакцыі часопіса "Маладосць". Гэта быў "зорны" час "Тутэйшых". Толькі што тутэйшаўцы дамагліся бібліятэчкі пры часопісе. Са здачай рукапісу мяне прысьпешваў Анатоль Сыс. Найбольш складана было прыдумаць назву зборніка. Некалькі дзён я мучыўся над гэтай праблемай. І нарэшце вырашыў: няхай называецца "Немаўля", як першы дзіцёнак. Узяў адгул на працы і адвёз рукапіс у Менск. Справы так хутка пайшла ў гару, што праз два месяцы мяне запрасілі ў рэдакцыю "Маладосці" вычытаць карэктуру. Неўзабаве я з'явіўся на іх рэдакцыйныя вочы. Янішчыц сустрэла маладога аўтара сваёй славутай абаяльнай ўсьмешкай. Кажа: зараз паклічу твайго рэдактара. Прыходзіць з Леанідам Дайнекам. Той трымае ў руках маю карэктуру. "Ну і як ты назваў свой зборнік? - пачаў ушчуваць мяне Дайнека. - Якое немаўля? Ты што, яшчэ і гаварыць ня ўмееш? Ну недарэчна гэта. Я назву памяняў." Гляджу, на першай старонцы карэктуры слова "Немаўля" закрэсьлена і тлуста напісана зьверху "Вяртанне". Я маўчу. Дайнека працягвае мне карэктуру і кажа: пасядзі тут, пачытай, затым вернеш сакратарцы. Я пачынаю чытаць. О Божухна, што ён тут мне направіў! Бяру і ўсе праўкі выпраўляю назад. І толькі новую назву кнігі не чапаю. Неяк я і сам завагаўся, можа і праўда "Немаўля" недарэчная назва. Праз пару тудняў Алесь Гуркоў дасылае мне бандэролю з цэлым пачакам майго першага зборніка. У Сыса выйшла кніга за №3, у мяне за №5. Алесь Гуркоў напісаў, што хадзіў па ўсіх навольных кіёсках свайго раёну і скупляў зборнікі. Хутчэй паглядзець, што там з кнігай. Гляджу - вершы ў друк так і пайшло, як я паправіў. І толькі назва засталася Дайнекаўская. І чаму я не вярнуў сваю назву?! Дасёньня моцна шкадую!

Сыс, літаратура, запісы, кнігі

Previous post Next post
Up