Юркіны капелюшы

May 17, 2013 13:41

Мама Юркі Гуменюка ўпарта ўгаворвала ўзяць сабе нешта з рэчаў сына. "Ну хоць кашулю вазьмі, у яго добрыя кашулі". Яе прапанова мяне моцна напружвае - бо ня ведаеш, што ў такой сітуацыі трэба адказваць. Я аднекваюся, кажу, што ўсё маю і нічога мне ня трэба. І тут прыйшоў на дапамогу Павал Мажэйка. "Ну што Вы, якая кашуля, Алесю Юркава кашуля будзе як халат". "Ну тады вазьмі ягоны пас". Маці сыходзіць у іншы пакой і прыносіць Юркаву папругу з двума шэрагамі заклёпак.Тут ужо ніякіх словаў падабраць не магу. Павал зноў выручае. "Не, гэты пас для Алеся задужа маднячы і ён ім два разы абкруціцца". "А вось капялюш магу Юркін забраць". Я згадваю, што супрацоўнікі музея гісторыі літаратуры мне казалі, што Юркаў капялюш прынялі б з удзячнасьцю. Маці ідзе да шафы і дастае ажно тры капелюшы - стары, напэўна яшчэ бацькоўскі, у якім Юрка прыяжджаў у Полацак у сярэдзіне 90-х, зусім новы, у якім ён на фота Юліі Дарашкевіч, і саламяны, у якім ён на фота ў кнізе "Вуліца тыгровых архідэяў". І я разгубіўся: які капалюш браць для музея? Так і ня ўзяў, а паабяцаў прыехаць летам - пераглядзець Юркіны кнігі. І тады ўжо забяру капялюш. Але вось які? Дасюль ня вырашыў.

літаратура, запісы, легенда, памяць, Гумянюк

Previous post Next post
Up