Дайсьці да Першага слова малітвы
Надзея Артымовіч. Жоўтая музыка. Беласток: 2005
Надзея Артымовіч адзін з самых таямнічых беларускіх паэтаў. У Беларусі мала хто яе бачыў. Ня ведаю, ці была паэтка з Беласточчыны ўвогуле калі-небудзь у Беларусі. Прынамсі, калі і была, то хутчэй за ўсё даўно, яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. Некаторыя лічаць, што гэта містыфікацыя і за імем Надзея Артымовіч хаваецца хтосьці іншы. На незвычайныя вершы паэткі з Бельску ў свой час зьвярнуў увагу сам магістар беларускай паэзіі Алесь Разанаў. А ў 1994 годзе нават выйшла супольная кніга гэтых паэтаў “Дзверы”.
Адметнасьць зборніка “Жоўтая музыка” палягае ў тым, што напрыканцы кнігі надрукавана невялікае эсэ “Паэзія - гэта вольнасць”, у якім Надзея Артымовіч тлумачыць, што такое для яе паэзія. Фармат радыё-рэцэнзіі не дазваляе прывесьці гэты лаканічны тэкст цалкам. Таму прапаную вашай увазе толькі невялічкі ўрывак:
“У творчасці паэта ёсць адзін важны верш. Усе астатнія вершы з’яўляюцца фонам, ценем, у якім паэт схаваны. Незаўсёды творца ўсведамляе значэнне тых схованак.
Сапраўдная паэзія - гармонія. Гармонія, дасканаласць. І таму так цяжка паддаецца аналізу і ці гэта магчымае? На якім слове пачынаецца верш, на якім слове скончыцца? Пра гэта ведае толькі паэт (аўтар). Але гэта не выключае іншых варыянтаў прачытання вершаў чытачамі.”
Мне падаецца, вось гэтая згадка пра шматварыянтнасьць прачытаньня вершаў і зьяўляецца ключом да разуменьня паэзіі Надзеі Артымовіч. Паэтка толькі падае першыя ноты, паказвае накірунак для вашых рэфлексіяў, нібыта камертонам задае пэўную танальнасьць. Далей чытач павінен сам уключацца ў творчы працэс чытаньня. Непадрыхтаваны, магчыма, так і не пачуе таямнічую музыку і не пабачыць сьвятло, што прабіваецца праз лістоту дрэваў бельскага парку.
у Бельску старая музыка
лагодны час - л е т а
забытая царква
дайсці да Першага слова малітвы
Часам словы яе вершаў вельмі простыя - як шоргат пажоўклай лістоты, або як гукі дажджу. Або паэтка проста маўчыць. І гэта таксама паэзія. Паэтка прагне белага маўчаньня. Для яе пакута спрашчаць верш словамі.
без словаў без музыкі
у маўчанні як камень
кідаю перадапошні гук
гэта кепскі фон
час
Алесь Аркуш