Ігар Бабкоў. Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб

Apr 03, 2013 11:44

Каб пачуць галасы рыб

Ігар Бабкоў. Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб. Менск. Логвінаў, 2009

У другой палове 80-х, калі пачаўся актыўны працэс пашырэньня жанравага і эстэтычнага абсягу беларускай паэзіі, Ігар Бабкоў упэўнена заняў нішу прыхільніка і пасьлядоўніка мэдыятыўнай паэзіі. Ад самых першых вершаў ён арыентаваўся адразу на дзьве, здавалася б, супрацьлеглыя паэтычныя плыні - на клясічны Усход і мадэрновы Захад. Стаўшы прыхільнікам будызму, ён адначасова перакладаў на беларускую мову клясыкаў эўрапейскага мадэрнізму. У выніку, на пачатку 90-х, нарадзілася яго першая кніга “Solus Rex”, якая стала з’явай беларускай літаратуры і была адзначана літаратурнай прэміяй “Гліняны Вялес”.
Сярод сваіх беларускіх настаўнікаў Ігар Бабкоў нязменна называе Алеся Разанава і Янку Юхнаўца. Сярод яго вучняў і пасьлядоўнікаў можна назваць Міхася Баярына і Макса Шчура.

Увогуле, нейкай шырокай плыні беларускай мэдыятыўнай паэзіі Ігару Бабкову стварыць не ўдалося. Прыйшоў зусім іншы час. Моладзь пачала арыентавацца на больш зыркія маякі. У літаратурным сьвеце постсавецкай прасторы запанавала мода на постмадэрнізм і іранічную паэзію.

Гучныя паэты - скандальныя, эпатажныя, парадаксальныя - практычна заглушылі паэтаў ціхіх - мэдыятыўных, рэфлексыйных, пачуцьцёвых. Гучныя паэты выйгрывалі слэмы, больш падабаліся чытачам на літаратурных сустрэчах, часьцей друкаваліся і шырэй перакладаліся на замежныя мовы. Ціхія паэты, каб заставацца сабою, зачыняліся ў сваім уласным паэтычны сьвеце і працягвалі пісаць “таямнічаю моваю восеньскіх рыб”.

Кніга “Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб” нагадала беларускаму чытачу, што мэдыятыўная паэзіі ў Беларусі нікуды ня знікла. Ігар Бабкоў прызнаецца, што сёньня “нават адзін чытач - гэта замнога”. Паэт павінен працягваць падтрымліваць агмень таямніцы слова і марыць “аб новай уніі Каралеўства Дрэваў і Вялікага Каралеўства Аблокаў”. Заставацца ў палоне сваіх юначых памкненьняў, і верыць, што ніколі ім ня здрадзіш.

Ігар Бабкоў застаецца пры двары сваёй Каралевы. Усе слугі і чэлядзь даўно разбегліся. Кожны выжывае як можа. І толькі паэт у гэтым вархале і бязладзьдзі здольны пачуць галасы рыб, якія між аблокаў “плывуць у тую прастору, дзе ўсё застаецца”.

Алесь Аркуш

літаратура, кнігі, Ігар Бабкоў

Previous post Next post
Up