Ігар Сідарук. Квадратная варона

Apr 02, 2013 23:47

На зломе стагодзьдзяў

Ігар Сідарук. Квадратная варона. Полацак. Полацкае ляда, 2000.

Некаторыя тэксты з гэтай кнігі сталі ўжо анталягічнымі - неаднойчы іх уключалі ў розныя анталёгіі беларускага апавяданьня, як айчынныя, так і замежныя. Напрыклад, «Аўтобус колеру бэз» або «Выкраданьне вепрука». Першы з гэтых аповедаў упершыню друкаваўся ў тыднёвіку «Наша Ніва» у 1998-ым, а другі - у часопісе Arche у 2000 годзе. Можна сказаць, уся «Квадратная варона» стваралася на пераломе стагодзьдзяў. У той час Ігар Сідарук актыўна займаўся драматургіяй, працаваў загадчыкам літаратурнай часткі Берасьцейскага лялечнага тэатра. І гэтае захапленьне моцна ўплывала на ягоную прозу. Амаль уся яна пабудаваная на дынамічных дыялогах.

Часопіс Arche, прадстаўляючы аўтара «Выкраданьня вепрука», напісаў, што Ігар Сідарук - празаік-фантасмагорык, драматург-сюррэаліст, выказьнік маргінальнай сьвядомасьці, майстар чорнага бурлеску. Цяжка кагосьці іншага з беларускіх пісьменьнікаў ахарактэрызаваць падобным чынам.

Навэлы, апавяданьні, фантасмагорыйкі, аповеды-фантомы - вось пералік жанраў, выкарыстаных аўтарам у кнізе. Героі «Квадратнай вароны» трапляюць у розныя нестандарныя сітуацыі, якія можна назваць адначасова і сьмешнымі, і трагічнымі. У гэтым і палягае асаблівасць прозы Сідарука - сьмех праз сьлёзы. Часам сьмех выклікае абсурнасьць дзеяньняў героя або ягоныя бязглуздыя развагі, сыстэма жыцьцёвых каштоўнасьцяў або прымітыўнасьць жаданьняў і мараў.

Яшчэ адна асаблівасьць прозы Ігара Сідарука - алегарычнасьць. Найбольш выразна гэта заўважна ў аповедзе «Апошні эшалён». Машыніст з года ў год вядзе свой эшалён звыклым маршрутам. «Машыніст ужо і сам ня памятаў, калі сфармаваў гэты эшалён». Ён сам грузіў грузы ў старыя, пабітыя, парэпаныя вагоны і некуды вёз і вёз іх. Згубіўшы здароўе, прамарнаваўшы ўласнае жыцьцё. Да памежнай зоны і назад, зноў да памежнай зоны - зноў назад. І так усё жыцьцё, выконваючы прызначаны невядома кім нейкі Абавязак.

Напачатку 90-х проза Сідарука крытыкамі і старэйшымі калегамі была ўспрынята «у штыкі». Маўляў, маладзён блюзьнерыць з сур'ёзных тэмаў і ўвогуле, страшна сказаць, з беларускай нацыі, паказваючы тутэйшых людзей бязвольнымі, блазнаватымі, нехлямяжымі. Сёньня, з пэўнай дыстанцыі, проза Сідарука чытаецца ўжо зусім інакш. І са зьдзіўленьнем разумееш, што некаторыя падзеі бліжэйшай гісторыі Беларусі кобрыньскі празаік практычна прадказаў. І трагедыю многіх беларусаў, якія з вёскі паехалі ў горад па культуру, і паўставаньне лукашэнкаўскай дыктатуры, і працяг заняпаду беларускай культуры на дзяржаўным узроўні, і шмат якія трагічныя падзеі свайго ўласнага лёсу.

Яшчэ прыйдзе час, калі беларускае літаратуразнаўства па заслугах ацэніць творчасьць Ігара Сідарука. Выйдуць новыя прыгожыя выданьні яго твораў, а кніга «Квадратная варона» стане ўнікальным букіністычным рарытэтам.

Алесь Аркуш

літаратура, кнігі, Сідарук

Previous post Next post
Up