Як перамагчы «тэатральнага дэмана»?
Ілля Сін. Тэатральныя дэманы. Менск. Галіяфы. 2010
Заўжды вельмі цяжка прадказаць, што далей атрымаецца з маладога літаратара. Нават выдатны дэбют яшчэ нічога не гарантуе. Бо пісьменьнік мусіць працаваць ня толькі над сваімі чыста літаратурнымі навыкамі, але перадусім над сваім унутраным сьветам. Узбагачаць яго і разьвіваць. Бо часам ня цяжка напісаць першую кнігу. Складаней у другой і трэцяй не паўтарацца, быць па-новаму цікавым.
Лёсы пісьменнікаў, якія ў сярэдзіне 90-х утварылі літаратурны рух Бум-Бам-Літ, тут надзвычай паказальныя. Усе бумбамлітаўцы ў маладосці дэкляравалі прыхільнасьць да экспэрымэнту і навацыі. Але засталіся вернымі тым юначым памкненьням адзінкі. Сярод іх бадай самым пасьлядоўным з’яўляецца Ілля Сін.
Як раз яго творчасьць найбольш прыкметна дэманструе тыя праблемы, якія паўсталі на шляху беларускай экспэрыментальнай прозы. Калі ў 90-х дастаткова было пачаць пісаць у адрознай ад клясычнай беларускай традыцыі, як цябе заўважалі і ты апынаўся ў цэнтры ўвагі літаратурнай крытыкі і чытачоў. То на пачатку другога дзесяцігодзьдзя ХХІ стагодзьдзя сытуацыя прыкметна зьмянілася. Толькі само па сабе нетрадыцыйнае пісьмо ніякіх дывыдэнтаў аўтару не прыносіла.
Кніга Іллі Сіна “Тэатральныя дэманы” практычна засталася незаўважанай. Яшчэ ня хутка яе прачытаюць. Мудрагелісты тэкст упартага прыхільніка мадэрнісцкага пісьма мала каму аказаўся зразумелым.
Беларуская літаратура пачала патрабаваць акрамя абнаўленьня эстэтыкі, яшчэ новага сучаснага зьместу, новых думак і ідэяў.
Ці зразумеў гэта Ілля Сін, адзін з самых таленавітых бумбамлітаўцаў, цяжка сказаць. Пра гэта можа паведаміць толькі ягоная новая кніга. Выштукаваўшы свой стыль да майстэрства, пісьменьнік цяпер павінен вырашыць, пра што ён можа сказаць нешта адметнае і нечуванае. І калі гэтая ідэя народзіцца і апануе яго розум, то ніякія “Тэатральныя дэманы” яму не перашкодзяць.
Алесь Аркуш