Франц Сіўко. Выспы

Mar 31, 2013 18:38

На выспе мовы

Франц Сіўко. Выспы. Менск: Логвінаў, 2011

Гэты віцебскі празаік усіх зьдзівіў, калі ў 2001 годзе выдаў кнігу “Удог”.

Прачытаўшы новую кнігу пісьменьніка, разумееш, чаму аўтар назваў яе «Выспы». Выспы - гэта тыя месьціны, сярод неспрыяльнага, а нават часам і варожага атачэньня, дзе пісьменьніку было добра і ўтульна. Гэта ня толькі нейкія канкрэтныя тэрыторыі, але і ўспаміны, думкі, мары, мова, краіны, людзі.

У эсэ «Выспа Міжрэчча» аўтар піша пра сваю малую радзіму - вёску, раку, тамтэйшых людзей, пра тыя зьмены, якія адбыліся там апошнім часам. Прачытаўшы, разумееш, на якім матэрыяле напісана славутая аповесьць «Удог» - на гісторыі заняпаду некалі славутых паўночна-беларускіх мясьцінаў. Пра зьнішчэнне мясцовых помнікаў архітэктуры, з цэглы якіх будаваліся склепы і іншыя прысядзібныя катухі. Пра зацятае змаганьне са старымі таполямі і дубамі. Пра шкодніцтва для ўсяго навакольнага. Пісьменьнік піша, што «імпэт да руйнаваньня помнікаў старасьветчыны ў мірны час не прыходзіць зьнянацку. Ён узнікае спакваля на грунце аслабленьня імунітэту да дзікунства, грамадзкай абыякавасьці...»

Яшчэ адна выспа, на якой было добра і ўтульна аўтару, - мова памежнага з Латвіяй Мёрскага краю. Мова, якую аўтар кнігі чуў у дзяцінстве - зь яе дыялектнымі асаблівасьцямі, разнастайнасьцямі і дзіўнай насычанасьцю саркастызмаў. Пісьменьнік згадвае, што падчас яго дзяцінства размаўяць у роднай вёсцы ці то па-польску, ці то па-расейску «лічылася праяваю кепскага выхаваньня і фанабэрыстасьці. Дастаткова было чалавеку аднойчы прадэманстраваць гэткім чынам вучонасьць перад вяскоўцамі, як ягоная рэпутацыя аказвалася беззваротна сапсаванай».

Але бадай самым моцным творам у гэтай кнізе з'яўляецца «Сволач паводле Брэма». Аўтар піша пра прыроду існаваньня, памнажэньня і пашырэньня сволачы, пра іх плоднасьць, мімікрыю і разнастайнасьць, пра іх зацятую прыхільнасьць да адной мовы - мовы хамства. Сканчваецца эсэ аптымістычна, маўляў, часам і сволач патрэбна, бо інакш «адкуль бралі б мы крытэрыі ацэнкі вартасьцяў».

Чытаць прозу Франца Сіўко - няпросты занятак. Але бадай менавіта гэты беларускі празаік можа пісаць пра такія падставовыя для грамадзтва рэчы як сумленьне, годнасьць, праўда і не выклікаць пачуцьця зануднага маралізатарства і шаблоннага думніцтва, што сёньня, у нашыя сумныя часы бязвер'я і беспрасьветнасьці, выглядае надзвычайным цудам.

Алесь Аркуш

літаратура, Франц Сіўко, кнігі

Previous post Next post
Up