прадмова да кнігі паэзіі Юрыя Гуменюка "Заўсёды насуперак"

Mar 18, 2013 23:49

Фронт-мэн ТВЛу

Юры Гумянюк - першы клясычны беларускі эўрапейскі паэт. І невыпадкова ён нарадзіўся, жыў і пісаў свае вершы ў Гародні - самым эўрапейскім горадзе Беларусі.

Адразу мушу ўдакладніць: клясычны не таму, што стаў поруч з Купалам, Коласам і Багдановічам і неўзабаве патрапіць у школьную праграму. Клясычны таму, што ягоная паэзія ўтрымлівае ўсе асноўныя ўласьцівасьці сучаснай эўрапейскай паэзіі - гранічны індывідуалізм і шчырасьць, а часам і эгаістычнасьць, адсутнасьць забароненых тэмаў, пераадоленьне нацыянальных, расавых і сацыяльных бар’ераў, нарэшце, кантравэрсійнасьць. Мадэрная трасфармацыя беларускага грамадзтва яшчэ толькі пачынаецца. Зусім нядаўна, практычна на нашай памяці, яно, грамадзтва, было спрэс архаічным. Беларуская літаратура, як жывое люстэрка жыцьця народа, эстэтычна і зьместава адпавядала рэальнаму становішчу спраў. Практычна, на працягу ўсяго ХХ стагодзьдзя, яна знаходзілася ў “нашаніўскім” дыскурсе. І толькі ў 90-х гэты дыскурс пачаў размывацца і трансфармавацца ў нешта новае. Кепска гэта, ці добра, -- тут можна дыскутаваць. “Што мусіць быць у сьвеце гэтым - адбудзецца, як не суроч...” (1) Але гэта працэс аб’ектыўны. Мяняецца ўклад жыцьця - мяняюцца і ўсе ягоныя спадарожныя элемэнты. Да таго ж, адбываецца агульнаэўрапейская ўніфікацыя. На ўзроўні спажыўца гэта ўжо добра заўважна -- аднолькавыя аўтамабілі на вуліцах, аднолькавыя тавары ў крамах… Працэс гэты будзе няспынны і зацягне ў свой вір таксама эстэтычныя і духовыя сфэры жыцьця беларусаў. Гэта не азначае, што ўсё беларускае зьнівэлюецца і будзе гэткім жа, як польскае, нямецкае ці брытанскае. Не, так ня будзе. Але пэўныя агульнаэўрапейскія прынцыпы і формы апануюць і нашу культуру. Вельмі паказальным у гэтым пляне выглядае беларускае выяўленчае мастацтва, якое немагчыма ўжо і блізка параўнаць з тым, што было 15-20 гадоў таму.

Гэта пра тое, чаму і адкуль нарадзілася паэзія Юрыя Гуменюка.

Іншая рэч, на якіх узорах і зь якіх крыніцаў паўстала эстэтыка і вобразнасьць яго паэзіі. Па-мойму, гэтую таямніцу яшчэ доўга будуць разгадваць айчынныя літаратуразнаўцы. Відавочна адно: у беларускай паэзіі нічога падобнага раней не было, таму гарадзенскі паэт ня мог пераймаць чыйсьці стыль, паэтычныя знаходкі і асацыятыўнасьць. У адным з інтэрвію (“Крыніца” №7, 1995) Юра сказаў, што пэўны час ён захапляўся сымвалізмам (відавочна, расейскім. - АА). “Вабіла містыка, патаемны, ірацыянальны сьвет”. Але гэтае прызнаньне яшчэ больш заблытвае прыроду генэзыса паэтыкі Гуменюка. Бо ў якога расейскага сымваліста вы знойдзеце падобныя вобразы, якімі шчодра насычана паэзія гарадзенскага ваяра альтэрнатывы? Ад расейскіх сымвалістаў у Гуменюка калі што й засталося, дык гэта толькі форма - рыфмаваны верш, які ў еўрапейскай паэзіі прыканцы ХХ стагодзьдзя амаль зьнік.

Ну і самае галоўнае. Улічваючы дамінуючы “нашаніўскі” дыскурс, які панаваў у беларускай літаратуры прыканцы 80-х, такая “чужародная” паэзія магла нарадзіцца і разьвівацца толькі ў нейкай асобнай, лякальнай культурніцкай прасторы, якой для Гуменюка стала Таварыства Вольных Літаратараў (ТВЛ). Паэт інстынктыўна разумеў: для таго, каб адбыцца, ён мусіць дыстанцавацца ад агульнага нацыянальнага дыскурсу і стварыць асобнае “ляда”, на якім пачаць сваю індывідуальную працу без уплыву дамінуючага эстэтычнага і ідэалягічнага поля. Таму Юра быў сярод самых актыўных стваральнікаў ТВЛ. Пэўны час ён зьяўляўся своеасаблівай “візытоўкай”, фронт-мэнам таварыства. Практычна ўсе асноўныя паэтычныя творы Гуменюка ў рэвалюцыйныя 90-ыя былі надрукаваны ў тэвээлаўскіх выданьнях - альманаху “Ксэракс Беларускі” і часопісе “Калосьсе”, а тры першыя яго зборнікі выйшлі ў тэвээлаўскім выдавецтве “Полацкае ляда”. Тэвээлаўцы імкнуліся да поўнай незалежнасьці, сваю ідэалёгію і перакананьні яны “маркіравалі” тэрмінам “нонканфармізм” (трэба разумець, што перадусім мелася на ўвазе творчая свабода. - АА).

У адным зь лістоў да мяне Юра, а тады яму было няпоўных 22 гады, напісаў: “Ня трэба блытаць НОНКАНФАРМІЗМ з НЕканфармізмам. Гэта зусім розныя паняцьці. Нонканфармізм набліжаецца, нават пераходзіць межы касмапалітызму, адмаўляе як афіцыйную так і апазыцыйную ідэалёгію, культывуе ўласнае EGO, абвостранае асабістае і г.д.”

Такім чынам, яшчэ ў студэнцкія гады Юра вызначыў творчыя арыентыры і ўпарта рухаўся па “сваіх зорках”.

Гэтую ж сваю пазыцыю ён пацьвердзіў і ў вышэйзгаданым інтэрвію для “Крыніцы”: “Калі гаварыць пра творчасьць тэвээлаўцаў, ці, дакладней, ідэйную паставу - НОНКАНФАРМІЗМ, -- гэта хутчэй альтэрнатыва афіцыёзу, сэрвільнасьці, сацыяльна-палітычнай кан’юнктуры і ўніфікацыі, а не традыцыі. Мы нічога не зьбіраемся адмаўляць і разбураць. Наша задача - максымальна рэалізавацца ў дадзеным часе і прасторы, не зважаючы ні на што.”

Літаратуразнаўцы ў будучым знойдуць у паэзіі Юрыя Гуменюка шмат адкрыцьцяў, сюрпрызаў і зашыфраваных пасланьняў. Адно з адкрыцьцяў відавочнае: Юра ў сваёй паэзіі здолеў прымірыць дзьве супрацьлеглыя стыхіі - індывідуалістычную і калектыўную. Бо ў ягонай надзвычай эгацэнтрычнай паэзіі актыўна прысутнічаюць сацыяльныя і палітычныя ноткі. І ў гэтым праяўляецца адмысловы фэномэн. Юра ня мог заставацца па-за палітыкай. Для яго не існавала ніякай “вежы са слановай косткі”, пра якую так любілі згадваць расейскія сымвалісты. Пры гэтым многія Гуменюкоўскія вершы, якія маюць палітычную скіраванасьць, больш радыкальныя і сьмелыя за тагачасныя вершаваныя агіткі патрыятычных паэтаў-трыбунаў. Але гэта ўжо тэма для адмысловага літаратуразнаўчага дасьледваньня.

У кароткім слове пра паэзію Юрыя Гуменюка немагчыма абмінуць акалічнасьці сьмерці паэта. Юра выпаў зь дзявятага паверху дома. Асацыятыўна адразу згадваюцца сьмерці Янкі Купалы і Яўгеніі Янішчыц. У першы дзень па трагічным здарэньні дзясяткі людзей надрукавалі ў сваіх блогах паэтычныя і празаічныя радкі паэта, у якіх ён нібыта прадказваў (або наклікаў на сябе) такую сьмерць. У тым даўнім інтэрвію для “Крыніцы” Юра, нібыта прадчуваючы небясьпеку, сказаў: “Вядома, не хацелася б скончыць свой жыцьцёвы шлях так, як Ясенін, Маякоўскі ці Купала. Некалі, у юнацкія гады, пазыцыя “жыцьцё - сьмерць” мела ў маёй сыстэме каардынатаў вялікае значэньне. Зь цягам часу яна адышла на другі плян, хоць матыў сьмерці прысутнічае ў некаторых маіх творах”. Вось вам і містыка, і наканаваньне, і выбар, і кошт стаўкі! Але сваё жыцьцё паэт усё ж цаніў больш за легендарную сьмерць. Праўда, разуменьне таго што сапраўдныя паэты не паміраюць, было ў яго зь юнацтва. У дваццацігадовым узросьце ён напісаў верш “Размова”, у якім ёсьць такія радкі:
Я чую як дыхаюць мёртвыя людзі
ды мараць пабачыць жывога паэта.

Вяртаючыся да тэмы эўрапейскіх паэтаў, мушу адзначыць, што біяграфія Юрыя Гуменюка абсалютна нічым не адрозьніваецца ад біяграфіяў легендарных папярэднікаў. Хіба што ён прыйшоў у літаратуру значна пазьней за іх, бо ягоная краіна Беларусь толькі нядаўна зьявілася на мапе Эўропы.
***
Юры Гумянюк нарадзіўся 24 верасьня 1969 году ў Гародні. Скончыў аддзяленьне паляністыкі Гарадзенскага дзяржаўнага унівэрсытэту імя Янкі Купалы (1994). Там жа вучыўся ў асьпірантуры. На гарадзенскім абласным радыё рыхтаваў літаратурна-мастацкі радыёчасопіс “Кантэкст” (1991-1994). Працаваў журналістам у газэтах “Пагоня” (1992, 1995-2001) і “День” (2004); загадчыкам літаратурнай часткі Гарадзенскага абласнога тэатра лялек (1994-2000). Актыўна супрацоўнічаў зь беластоцкім штомесячнікам “Czasopis”. Быў сярод заснавальнікаў Таварыства Вольных Літаратараў (1993), сурэдактарам тэвээлаўскага часопісу «Калосьсе». Выдаў зборнікі вершаў “Водар цела” (1992), “Твар Тутанхамона” (1994), “Рытуал” (1999), “Лябірынты прывіднага замку” (2000, у суаўтарстве), “Вуліца тыгровых архідэяў” (2003). Аўтар пастаўленых у Гарадзенскім тэатры лялек п’есаў для дзяцей “Баль у барона Мюнхгаўзэна” (1993), “Таямніца залатога пярсьцёнку” (1998), “Каляднае падарожжа” (1999). Беларускія рок-гурты “Грунвальд”, “Айша” (Jungle X-mas), а таксама асобныя выканаўцы стварылі на тэксты Юрыя Гуменюка каля двух дзясяткаў песень.

Загінуў 19 студзеня 2013 году, упаўшы зь дзявятага паверху дома. Дасюль невядомыя прычыны гэтай трагедыі.

Алесь Аркуш

(1) - радкі зь верша Алеся Аркуша “Нонканфармізм”

літаратура, вершы, кнігі, паэты, Гумянюк, ТВЛ

Previous post Next post
Up