Зьляплю сабе з рачнога глея...
Алег Мінкін. Пэнаты. Менск: Логвінаў. 2007
Ад Раісы Баравіковай аднойчы пачуў пра незвычайную класіфікацыю паэтаў: тыя, хто напісаўшы верш, ніколі пазьней яго не кранае, і тыя, хто ўсё жыцьцё свае вершы ўдасканальвае, перапісвае. Відавочна, гэтую класіфікацыю прыдумалі рэдактары, якім складана працаваць з другой катэгорыяй паэтаў, калі трэба няспынна сачыць і ўлічваць шматлікія удакладненьні і перайначваньні, што стварае рэдактару дадатковыя праблемы.
Алег Мінкін належыць да другой катэгорыі паэтаў. Пра гэта яскрава засьведчыў ягоны найбольш поўны збор вершаў «Пэнаты», які выйшаў у кніжнай серыі «Галерэя Б». Нават самыя вядомыя яго вершы, якія ўжо ўспрымаюцца хрэстаматыйна, зазналі змены.
Сам Алег Мінкін назваў «Пэнаты» кнігай, якая аб'яднала лепшыя вершаваныя творы, напісаныя на працягу жыцьця. Паэт адзначыў, што кніга сабрала пад сваю вокладку прыкладна 60% ад усяго корпусу напісаных вершаў. Зьмены адбыліся ня толькі ў асобных творах, але нават у пабудове вершаваных цыклаў. Прычым кожны верш і цыкл атрымаў асабісты нумар, амаль як радкі ў Бібліі.
Калі казаць пра перадрукі, то большасьць вершаў у зборнік трапіла з першай, цяпер ужо легендарнай, кнігі паэта «Сурма». Перадусім вершы з міфілагічнага цыклу - «Вадзянік», «Хохлік», «Белабог» і іншыя. З другой кнігі «Расколіна», якая выйшла ўжо ў незалежнай Беларусі, у «Пэнаты» ўключаны нацыянальна-патрыятычныя вершы - сярод якіх «Самота»:
...калi б у цiшы безвыходнай
Турыны рог прызыўна загучаў,
I на лязе узьнятага мяча
Запалымнелi водсьветы паходняў, -
Я ўсе сумненьнi адгарнуў бы разам
I стаў пад белы сьцяг з чырвоным пасам:
Пад бел-чырвона-белы вольны сьцяг...
Увогуле паэзія Мінкіна прасякнута хрысцінскай тэмай, хоць адмыслова хрысціянскіх вершаў паэт ніколі не пісаў. Але матыў адраджэньня, абуджэньня і вяртаньня да жыцьця - праходзіць скразной лінія праз усю яго творчасьць. Паэт верыць і ў сваё вяртанне на зямлю пасля таямнічай вандроўкі на чоўне Харона, аб чым пранікнёна кажа ў адным з вершаў:
Калi жыцьцё нашчэнт згалее,
Бы ўвосень гольле ржавых крон,
Харон на чорнай шугалеi
Зьвязе мяне за Ахерон.
Ды, стаўшы ценем, у iмгле я
На беразе растайным зноў
Зьляплю сабе з рачнога глея
Людзей, i птушак, i зьвяроў.
Алесь Аркуш