Яшчэ адзін урывак з інтэрв'ю Юрыя Гуменюка для часопіса "Крыніца" (№7,1995)
- Вось, дакаціліся нарэшце і да палітыкі, пры ўпамінаньні якой у мяне пачынаецца распростваньне мазгавых зьвілін... Таму - адыдзем ад нячыстага... Раскажы лепш пра самога паэта Юрыя Гуменюка. Адкуль ён узяўся, чаго ён хоча ў гэтым белым сьвеце, поўным дысгармоніі і роспачных спадзяваньняў?
- Паколькі гаворка ідзе пра мастацтва, кшталтаваньне творчай сьвядомасьці, ня буду распавядаць пра сваё зьяўленьне на Божы сьвет як біялягічнага індывіда. Падобнымі пытаньнямі займаецца фізыялёгія.
Творца перамог ува мне канчаткова ў 1984 годзе, калі я пачаў пісаць вершы. Дагэтуль ужо займаўся маляваньнем, скончыў музычную студыю. Карацей кажучы, быў маральна ды інтэлектуальна падрыхтаваны. Таму я вельмі ўдзячны сваім бацькам, што яны выхавалі мяне гарманічным, чуйным да прыгожага чалавекам, хаця самі прафэсійна не звязаны з мастацтвам (бацька паводле адукацыі матэматык, а маці - мэдык). Дык з чаго пачаўся Гумянюк? Калі згадаць заняткі маляваньнем - дык з імпрэсіянізму, калі літаратурай - з клясычнага мадэрнізму, дакладней, з сымбалізму. Вабіла містыка, патаемны, ірацыянальны сьвет. Плюс захапленьне сучаснай музыкай, асабліва стылем Heavy Metal Rock. Вось такі пачатак... Вядома, не хацелася б скончыць свой жыцьцёвы шлях так, як Ясенін, Маякоўскі ці Купала. Некалі, у юнацкія гады, пазыцыя “жыцьцё - сьмерць” мела ў маёй сыстэме каардынатаў вялікае значэньне. Зь цягам часу яна адышла на другі плян, хоць матыў сьмерці прысутнічае ў некаторых маіх творах. Напрыканцы 1980-х - у пачатку 1990-х прыйшлося заняць актыўную пазыцыю. Спачатку былі гістарычна-культурніцкі клюб “ПАХОДНЯ”, “Верш-гурт ДЫЯГЕН”, унівэрсытэцкае літаб’яднаньне. Потым - шматлікія вандроўкі, сустрэчы, вечарыны, публікацыі. Урэшце ў лютым 1991-га ўдалося арганізаваць на базе газэты “Гарадзенскі ўнівэрсытэт” літвыпуск “КОЛА”. Ідэя была цудоўная. У ейнай рэалізацыі пажадалі ўдзельнічаць паэты, празаікі, барды і крытыкі з усёй рэспублікі. Аўтарамі “КОЛА” сталі Зьміцер Санюк, Анжаліна Дабравольская, Ігар Сідарук, Вітаўт Чаропка, Юрась Пацюпа, Андрэй Пяткевіч, Мікола Касьцюкевіч, Сяргей Мінскевіч ды іншыя. Аднак сьмеласьць некаторых твораў выклікала незадаволенасьць ва ўнівэрсытэцкага кіраўніцтва, якое гвалтам прапіхвала ў “КОЛА” расейскамоўную слабізну, каб дыскрэдытаваць шляхетныя памкненьні маладых літаратараў. На пятым нумары “КОЛА” загадала доўна жыць. І я пачаў зьдзяйсьняць індывідуальны праект на абласным радыё - выпускаць літаратурна-мастацкі часопіс “КАНТЭКСТ”. Перадача выходзіла ў этэр тры гады запар, два разы на месяц, і была досыць папулярная...
Увесь гэты час мне здавалася, што лячу над безданьню. Адсюль - то ўздым актыўнасьці, то дэпрэсія. Гэта як у працэсе маўленьня: хваля эксплязіі, хваля імплёзіі. Аднак нават глыбокае расчараваньне, апатыя, выкліканыя сучасным станам нашага грамадзтва, ня зьнішчылі прагу займацца творчасьцю. Магчыма, праца на катэдры польскай філялёгіі Гарадзенскага ўнівэрсытэта дапаможа мне далей расьці, выйсьці на новы ўзровень.