Рамантычны фюрэр паэзіі
Час ад часу задумваюся: “Чаму я люблю авантурыстаў і скандалістаў?” Напэўна, таму, што сам належу да іхняга клана. Розніца, праўда, у ступені авантурнасці і абсягу скандальнасці. Сёння паэт не можа не быць скандалістам. Інакш яго ніхто не заўважыць і не пачуе. Зрэшты, так было заўсёды. Усе геніі мелі ў крыві вірусы вар’яцтва. Вар’яцкі свет - вар’яцкія норавы. Даўно вядомае выслоўе. Паэт супрацьпастаўляе сябе натоўпу, а натоўп прымае творцу за вар’ята. Мінаюць стагоддзі - і ўсё тое самае. Як нараджэнне і смерць.
Ці ўсведамляе Славамір Адамовіч, што подзвіг Байрана ў сучаснай вар’ятні дэвальваваўся, ператварыўся ў нішто? Раней у вар’ятнях “адпачывалі” Напалеоны. Легендарны француз пакінуў шмат нашчадкаў. “Мы все глядим в Напалеоны - безродных тварей миллионы”. Славамір знешне мала падобны на Банапарта. Хаця таксама нізкарослы, любіць вайсковыя боты і нават прэтэндаваў на ролю палкаводца. Аднак пакаленню, якое выбірае “пэпсі”, карысатаецца пракладкамі “Олвэйс” ды жуе “Орбіт бяз цукру”, не патрэбны рамантычны фюрэр, бо яно не чытае беларускіх вершаў і не ўспрымае палітычных заклікаў рэваншысцкага ўхілу. Тым часам страчанае пакаленне спарадзіла колькі белых варон - паэтаў. І Славамір Адамовіч, як бы ён не выпендрываўся, не вылузваўся з сваёй шляхецка-пралетарска-сялянскай скуры, з’яўляецца тыповым прадуктам савецкай эпохі і яскравым прадстаўніком пакалення “Тутэйшых”. Яны спачатку былі таксама белымі варонамі, але пасля, навучыўшыся збіраць парэшткі корму на розных літаратурных гародчыках і сметніках, набылі ўласцівую для звычайных варон афарбоўку. Адамовіч не мог з гэтым пагадзіцца. І кожны раз, запэцкаўшы свае шырокія крылы брудам піянерскага геройства, імкнуўся адмыцца. Белая варона на шэрым тле заўсёды файна глядзіцца!
“Навошта вы яго зноў выцягваеце на паверхню! - казалі калегі мне і Алесю Аркушу. - Ён ужо раз спаліўся, дык і вас здасць, як шклатару!” А каму мы, апрача нашай гаротнай літаратуры, патрэбныя? Дык дзеля яе і варта было даваць шанец адрынутаму таленту. І як ён хутка акрыяў, набраў моцы! Усё астатняе зляцела шалупіннем недарэчных успамінаў. Засталіся цудоўныя мілагучныя вершы. Але паэту гэтага мала! Ягонае жыццё - няспынны акт змагання з ворагамі беларушчыны, пануючым рэжымам, каханымі жанчынамі, у рэшце рэшт, з самім сабой. Цяжка выйграць, ваюючы адначасова на некалькіх франтах. Дый адзін у полі не ваяр.
Гаварыць пра Славаміра Адамовіча і ягоную творчасць магу бяконца, бо гэта, нягледзячы на ўсе акалічнасці, натхняе. Прызнаюся, што “раскручваў”, прапагандаваў і рэкламаваў яго, дзе толькі гэта было магчыма. Таму не збіраюся зараз аналізаваць ягоныя вершы ці згадваць пікантныя дэталі біяграфіі. Хай базарныя бабы корпаюцца ў чужой бялізне. Мы працяглы час сябравалі, разам выступалі на шматлікіх вечарынах. Ён быў для мяне вялікай атракцыяй, і я любіў яго, як брата. Усё гэта ў мінулым. Не ведаю, што будзе заўтра. Адзінае, што мяне здзіўляе: як гэта наш рамантычны фюрэр паэзіі, які на кожным кроку публічна дэманструе сваё неабмежаванае каханне да жанчын ды сур’ёзную заклапочанасць дэмаграфічнай сітуацыяй на Беларусі, дагэтуль не стварыў нармальнай сям’і да не напладзіў здаровых беларусікаў!? Пэўна, “свет вар’яцкі чыніць перашкоды”... Кожны творца мае права і павінен крочыць абраным шляхам, уласнаручна будаваць свой лёс. Кажуць, усе шляхі вядуць у Рым, а лёсы паэтаў дзе-нідзе пераплятаюцца.
("Крыніца", №2-3, 1999)