"застануся, відаць за ўсё, апазыцыянерам назаўсёды"

Jan 27, 2013 19:24

Зноў 1991 год. Ліст напісаны яшчэ да асабістага знаёмства.

Вітаю Цябе, далёкі сябра!
Твой ліст парадаваў мяне. Як дагэтуль. Як заўсёды. Тым больш дасылаеш уласнае інтэрв’ю, дзе вылучаеш сярод іншых і маё сьціплае імя. Гэта ўражвае. Бо гучыць шчыра, непасрэдна, неафіцыйна. Я вось таксама дасылаю табе падарунак. Я заўсёды выконваю абяцанні.Праўда, зноў нарабілі ляпсусаў, з-за якіх я вельмі знэрваваўся ўчора. Няма ўжо сіл змагацца з навакольным сьветам. Не, ня трэба ўпадаць загадзя ў меланхолію. Наперадзе - сустрэча з табой!
Томік вершаў Т.Сапач я разглядаў учора ў Дануты Янаўны, так што, я ў курсе. Чытаў таксама і артыкул Л.Галубовіча. А вось, што выдаецца кніжачка А.Сыса - цікавая навіна. Усе думалі, што Толя сьпіўся і паставілі крыж на ягонай творчасьці. А ён бац - і кнігу выдае!
Ты пішаш, каб я не ўлазіў у афіцыёз, трымаўся незалежнікаў. Я так і раблю. Мяне не спакушае літаратурная “кар’ера” А.Ф. ды А.К., якія працуюць у часопісе “Полымя”. Дарэчы, маю падборку вершаў у “Полымі” зарубілі. Яна павінна была зьявіцца ў лістападзе. Каментарыі не патрэбны. Сам разумееш. Так што, мой дарагі сябра, я, як знаходзіўся ў апазіцыі, так і застаюся. І застануся, відаць за ўсё, апазыцыянерам назаўсёды. Твая прапанова (наконт “Нашай нівы”) больш рэальная, чымся падборка ў афіцыйным “Полымі”. Дзякуй табе за клопат.
Ведаеш, Алесь, я і сам разумею, што неабходна прыехаць 13-га, а не 14-га. Гэта лагічна і само сабой зразумела. Я, канешне, і квіток вазьму, і цябе загадзя папярэджу, каб ты сустрэў мяне на вакзале. Вельмі добра, што ты мяне возьмеш да сябе. Будзе больш часу паразмаўляць, бо наступная сустрэча не вядома калі адбудзецца... Каб толькі паездку ў Полацак не перакрыла выцечка ў Польшчу ( wycieczka do Warszawy). Думаю, што гэта не павінна здарыцца, хаця тэрмін паездкі на Захад невядомы.
Сягоньня я размаўляў праз тэлефон з Пацюпам, запрашаў яго прыняць удзел у тэлеперадачы. Ён, відаць, таксама прыедзе, хаця цьвёрда не абяцае, што 13-14-га трапіць на імпрэзу “Н.Г.П.З” у НП.
Юры Гумянюк
26.10.1991, Гародня
P.S. Зусім забыўся нашкрабаць колькі словаў пра твой партрэт у інтэрв’ю, што ты даслаў. Ён вельмі-вельмі... карацей кажучы, файны! Мне заўсёды падаблася дэманічнасьць барадатых паэтаў у акулярах... Хацелася б мець такі здымак ня толькі на кавалку газэтнага аркуша, але і ў арыгінале.

літаратура, сябры, архіў, гісторыя, Гумянюк, ТВЛ

Previous post Next post
Up