полацкі раман

Nov 24, 2012 17:42

- Вось і прыехалі, - зьвяртаючыся да ўсіх, выгукнуў Серж Мінскевіч.
Ён сядзеў наперадзе салона пазіка і першым заўважыў перашкоду на шляху. Дарогу перакрылі два аўтамабілі - “Волга” і газончык.
- Што там, што там, - да кіроўцы пачаў прабірацца Славамір Адамовіч. Яму падалося, што схаваныя ў ботах унчакі як раз зараз і прыдадуцца.
- Ды ўсё нармальна, гэта нас сустракае Алег Аляксандравіч, наш асноўны спонсар, - супакоіла ўсіх Вера Бародзіч.


Аўтамабілі сапраўды чакалі нас, бо як толькі пазік з літаратарамі з’явіўся на даляглядзе, сустракаючыя павыходзілі з аўто. Відавочна, асноўным сярод іх быў высокі, падцягнуты мужчына ў гарнітуры, вакол якога завіхалася некалькі кабет. Калі мы пад’ехалі амаль усутыч, то заўважылі, што кабеты былі апранутыя ў нацыянальныя строі, адна зь іх трымала ў руках хлеб-соль. Уся нашая аб’яднаная літаратурная “банда Махно” высыпалася з пазіка на ўзбочыну дарогі.
- Уладзя, прымі, калі ласка, хлеб-соль. Ты ў нас самы прадстаўнічы, - разгублена папрасіў я Арлова.
- Алесь, але ты ў нас за галоўнага. - Арлоў чамусьці заўпарціўся.
- Ды я ніколі не прымаў хлеб-соль, там трэба, напэўна, нешта казаць. Не, Уладзя, я як камадзір табе гэта даручаю. - Здавалася, мне было прасьцей выступіць на мітынгу перад усімі жыхарамі Лепеля, чымсьці зараз прыняць хлеб-соль.
- Ну, добра, калі ты так баішся.
Арлоў аддзяліўся ад нашай літаратурнай стракатай гурмы і, як перамоўца да суперніка, пакрочыў да сустракаючых. Мы, ствараючы яго тыл, пасунуліся сьледам. Арлоў павітаўся з гаспадарамі, тыя ў адказ нешта хорам зашчабяталі, падносячы каравай. Арлоў, як вялікі адмыслоўца па атрыманьні караваяў, адшчыкнуў скарынку хлеба, абмакнуў яе ў сальніцу і з’еў. Пасьля чаго атрымаў каравай цалкам. Усе навокал радасна загаманілі. Нібыта пад Лепельскімі азёрамі злучыліся 1-ы і 2-гі Беларускія франты, узяўшы ворага ў сталёвае кола. Перамогу трэба было адсьвяткаваць. Але ніхто ня мог сабе ўявіць, што гэтае сьвята будзе такім шчодрым і незвычайны.
Алег Аляксандравіч Ляшчынскі аказаўся дырэктарам аграфірмы “Белая Русь”. Фірма была досыць заможная, мела нават уласны вінзавод. Туды мы і накіраваліся.
Каля брамы вінзавода нас чакала галоўны тэхноляг. Яна і правяла для літаратараў экскурсію па цікавым аграпрамысловым аб’екце. Экскурсія завершылася ў дэгустацыйнай зале. Да сёння дзіўлюся, як мы з той залы пад канец дэгустацыі нікога ня вынеслі.
Дэгустацыйная зала ўяўляла сабой прамакутны выцягнуты пакой, пасярод якога стаяў вялікі, больш дзесяці метраў даўжыні, стол. Па яго перыметры шчыльна стаялі пляшкі з тутэйшай прадукцыяй. Першы тост быў за гасцей. Затым пілі за гаспадароў. Затым за беларускую літаратуру. Затым за незалежнасць. Затым прысутныя разбіліся на купкі па зацікаўленьнях і далей тасты пачалі прамаўляць у сваіх колах. Музыкі і барды ўтварылі сваю супольнасьць. Там шчыраваў Серж Мінскевіч.
- Серж, ты глядзі мне ня спойвай Вольскага. Ён заўтра павінен быць хэдлайнерам. - Мне здавалася, што сітуацыя выходзіла з-пад кантролю і абяцала феерычны фінал.
- Алесь, усё нармальна. У нас тут прафесійная размова, - звыклым прыкольным голасам супакоіў мяне Вольскі.

Калі “банда Махно” грузілася ў аўтобус, я заваўжыў, што многія былі затараныя, як падрыўнікі-партызаны, якія выпраўляліся на чарговае заданьне.

Але на гэтым гасьціннасць ня скончылася. Ляшчынскі загадаў ехаць за ягонай “Волгай”. Неўзабаве мы апынуліся ў нейкай вёсцы. У вялікай хаце для гасцей быў накрыты стол. Маўляў, на вінзаводзе мы выпілі, а тут можна закусіць. Стол ламіўся ад розных страваў - запечаных парасятаў, смажыных гусей з яблыкамі, пальцам піханых кілбасаў, талерак з мёдам ў сотах і нават бутэрбродаў з чырвонай ікрой. Усё гэта ўпрыгожвалі пляшкі гарэлкі, лікёру, кан’яку і нават балгарскіх і мадзярскіх вінаў.
- Вось гэта я разумею, што такое незалежнасць, - сказаў Славамір Адамовіч, які сярод першых зайшоў у гасьцінную хату.
Алег Ляшчынскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання і прымаў непасрэдны ўдзел у абвяшчэньні незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Пасля некалькіх чарговых тастоў нехта пачаў абмярковаць з гаспадаром апошнія палітычныя падзеі. Чуў, як Ляшчынскі хваліў нашага дэпутата і літаратара Лявона Баршчэўскага.
Я выйшаў на вуліцу падыхаць сьвежым паветрам. Нейкія маладзёны каля хаты раскручвалі драты. Хлопцы патлумачылі, што зараз будзе музыка, і нават прыцягнулі іоніку і пачалі яе падключаць.
Я вярнуўся ў хату, знайшоў Вольскага і спытаў: - Лявон, ты як сябе адчуваеш?
- Добра.
- Зараз будзем сьяваць.
- Прама зараз.
- А ты думаў! Заўжды трэба быць гатовым.

Мы выйшлі з Лявонам з хаты.
- Як табе інструмент.
- Ну паспрабуем.
І Лявон пачаў націскаць пісклявыя клявішы.
- Можа быць?
- Зараз засьпяваем.
З хаты ўсе павыходзілі на двор сядзібы. Дзясяткі п’яных галасоў загарлалі: - Вольскі, Вольскі...
І Вольскі засьпяваў.

На беларускіх дарогах паспаліты народ
Am Dm
Кагосьці цягне на захад нехта б'ецца на ўсход
Am Dm
Камусьці трэба свабода, а камусьці прыгнёт
A
Гэта зусім не распуцтва, гэта розніцца ў густах

Беларуская дарога называецца шлях,
а бо гасцінец ці сцяжына ну як небудзь вось так
каля дарогі ваўкі па над дарогай кашак
жывёльны сьвет Беларусі багаты разнастайны

Прыпеў:
D E
Чуеш як пяе зямля
A
ла - ла - ла
Fm#
ла - ла - ла
Чуеш як гудзе вясна
на - на- на
на - на - на
Чуеш як сьпяваем мы
ты - ты - ты
ты - ты - ты
D E A E
Песні пра дарогі і нятолькі

На беларускіх дарогах столькі крочыла ног
Чаравікаў , ботаў , нагавіцаў , пальчох
Тут забівалі, тут кахалі, нараджалі дзяцей
А што ж вы хочаце людзі так было гэтак будзе

Над беларускай дарогай пралятаюць буслы
Па беларускай дарозе праязджаюць паслы
Паслы ніколі нічога нягавораць у слых
Пра гэта нам сказаў нацыянальны канал

Такога сольнага выступу Вольскага я ніколі больш ня бачыў.

Лявон Вольскі, мае творы, літаратура, Арлоў, полацкі раман, Славамір Адамовіч

Previous post Next post
Up